Ігар Бокій стаў шасціразовым чэмпіёнам Паралімпіяды ў Рыа
Беларус Ігар Бокій атрымаў шосты залаты медаль на Паралімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра. У заключны дзень турніру для слабавідушчых плыўцоў ён выйграў на дыстанцыі 100 метраў на спіне і паставіў сусветны паралімпійскі рэкорд у гэтай дысцыпліне — 56,68 сек. Другое месца атрымаў украінец Яраслаў Дзенісенка, а трэцяе — у канадца Нікаласа Гая Турбідэ.
Раней беларускі плывец-паралімпіец перамагаў на дыстанцыях 100 метраў батэрфляем, 200 метраў комплексным плаваннем, 50, 100 і 400 метраў вольным стылем. Таксама ён атрымаў бронзу на дыстанцыі 100 метраў брасам.
Ігар Бокій удзельнічаў таксама ў Паралімпіядзе ў Лондане, на якой заваяваў 5 чэмпіёнскіх тытулаў. Такім чынам, ён мае ўжо 11 залатых паралімпійскіх медалёў.
Усяго беларусы-паралімпійцы заваявалі на Гульнях у Рыа 10 медалёў (8 залатых і 2 бронзавых). Апроч Бокія, золата заваявалі плывец Уладзімір Ізотаў і шпажыст-калясачнік Андрэй Праневіч. Бронзу таксама заваяваў кідальнік кап’я Аляксандр Трыпуць.
Сёння, 18 верасня адбудзецца закрыццё Паралімпіяды ў Рыа.