Журналіст-фрылансер з Івацэвічаў атрымаў папярэджанне ад пракуратуры

Незалежнага журналіста Паўла Дайліда афіцыйна папярэдзіла пракуратура Івацэвіцкага раёна аб недапушчальнасці парушэння закону аб СМІ (працы без акрэдытацыі). Нагодай стаў артыкул на сайце "Радыё Свабода" з вёскі Спорава Бярозаўскага раёна Брэстчыны, які з'явіўся 16 траўня гэтага года. Аўтарам публікацыі быў прызнаны менавіта Дайлід.

Па словах самаго журналіста, супрацоўнікі пракуратуры прыйшлі да такой высновы "па выніках маніторынга сеткі Інтэрнэт", дзе на розных фотаздымках можна было пабачыць, як ён фатаграфуе і здымае відэа.

У сваіх тлумачэннях Павел Дайлід не адмаўляў, што знаходзіўся 15 траўня ў вёсцы Спорава як журналіст з мэтай збору інфармацыі.

Дайлід: "Я, фактычна, пагадзіўся: сказаў, што там быў, фатаграфаваў — не адмаўляў гэтага. На наступны дзень я напісаў тэкст і даслаў яго ў розныя рэдакцыі, а хто апублікуе — той апублікуе. Віны сваёй не прызнаю, бо маю канстытуцыйнае права збіраць, захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю".

Абскарджваць рашэнне пракуратуры Павал Дайлід не збіраецца, бо, па яго словах, не бачыць у гэтым сэнсу.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, сёлета за супрацу з замежнымі СМІ без акрэдытацыі былі прыцягнуты да адказнасці 10 журналістаў (некаторыя з іх паўторна). Агульная сума штрафаў на сёння складае больш за 86 млн рублёў.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі