Журналістка выйграла справу супраць Беларусі ў Камітэце ААН
Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што правы беларускай журналісткі Марыны Коктыш былі парушаныя.
У 2008 годзе намесніцу галоўнага рэдактара "Народнай Волі" пазбавілі акрэдытацыі ў Палату прадстаўнікоў без тлумачэння прычын. Раней яна такую акрэдытацыю мела. З таго часу Марына Коктыш спрабавала праз судовыя інстанцыі аднавіць справядлівасць — спярша ў Беларусі, потым у міжнародных структурах.
Коктыш: "Калі нам адмовілі раз, другі, трэці, то мы больш і не спрабавалі — пачалі абскарджваць гэтае рашэнне. Паколькі нас не пускалі ўсе гэтыя гады, то няма чаго было спадзявацца, што прыйдзе новае кіраўніцтва — і ўсё зменіцца. Тым больш, што кіраўніцтва Службы бяспекі (прэзідэнта. — Еўрарадыё), якая і дала забарону на акрэдытацыю, яно не змянялася".
Камітэт па правах чалавека ААН прыйшоў да высновы, што беларускія ўлады ў гэтым выпадку парушылі артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які гарантуе кожнаму чалавеку права на свабодны збор, пошук і распаўсюд інфармацыі.
Фота — svaboda.org