Журналісткам Андрэевай і Чульцовай скарацілі тэрмін на 2,5 месяца
Журналісткам Кацярыне Андрэевай і Дар'і Чульцовай пералічылі тэрмін адбыцця пакарання. Згодна з новымі папраўкамі ў заканадаўства ён скараціўся на 2,5 месяца.
Журналісткі тэлеканала, прызнанагаў Беларусі экстрэмісцкім, вялі стрым з "Плошчы Пераменаў", дзе амапаўцы разганяоі акцыю памяці забітага Рамана Бандарэнкі. За гэта дзяўчат асудзілі на два гады зняволення.
З 19 чэрвеня набыў моц Закон аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці. Ён сярод іншага ўводзіць новыя правілы заліку тэрмінаў утрымання пад вартай. Адзін дзень пад вартай у СІЗА цяпер залічваецца як 1,5 дня ў папраўчай калоніі агульнага або ўзмоцненага рэжыму (раней 1 дзень у СІЗА залічваўся як 1 дзень у калоніі).
Суд Фрунзенскага раёна Мінску пералічыў тэрмін пакарання журналістак і скараціў яго на 2,5 месяца. Гэта значыць, што на волю Андрэева і Чульцова павінныя выйсці ў верасні 2022-га, а не ў лістападзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.