Жыхар Мінскага раёна зрабіў наркалабараторыю на гарышчы свайго дома
Супрацоўнікі сталічнага наркакантролю затрымалі 30-гадовага жыхара Мінскага раёна, які займаўся продажам марыхуаны. Падчас вобшуку ў маладога чалавека знайшлі 20 грамаў наркотыка. Ён патлумачыў, што набыў “зёлкі” ў 45-гадовага жыхара Слуцкага раёна для далейшай рэалізацыі.
Пасля затрымання міліцыя праверыла дом наркагандляра і знайшла на гарышчы цэлую лабараторыю з разнастайным абсталяваннем. Тут адбываўся поўны тэхналагічны цыкл — ад вырошчвання канопляў да вытворчасці гатовага наркотыка.
Пазней затрымалі і саўдзельніка — жыхара Случчыны, які прадаваў марыхуану. У яго знайшлі 170 грамаў забароненага рэчыва.
Гаспадару наркалабараторыі пагражае да 8 гадоў турмы, а яго кампаньёну — да 5 гадоў, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.
Фота з архіву