Жыхарка Круглага дабілася пераразліку пенсіі

Жыхарка Круглага дабілася пераразліку пенсіі

Жыхарка пасёлка Круглае Магілёўскай вобласці дабілася пераразліку пенсіі. У выніку, згодна з рашэннем суда, Людміла Беразоўская атрымае 12,4 мільёна рублёў, а яе пенсія вырасце амаль на 220 тысяч і складзе цяпер 2 мільёны 180 тысяч рублёў. Дапамагалі пенсіянерцы мясцовая актывістка Зінаіда Мялешчанка і прававы інспектар незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці па Магілёўскай вобласці Аляксей Яўгенаў. Распавядае Зінаіда Мялешчанка:

“Справа ў тым, што Людміла пайшла на пенсію сем гадоў таму. Дагэтуль працавала ў кааператыве “Авангард” на базе калгаса прадаўцом. Стаж увайшоў, аднак яе заробак не знайшлі ў калгасе. Супрацоўнік раённага Фонду сацыяльнай абароны выставіў ёй нулі, што было незаконна. Пенсія налічваецца за заробак, а не за нулі. У фондзе ёй сказалі, што яна не мае права нават у суд звярнуцца. Я сама была сведкай гэтага. Тым не менш, мы паехалі ў прафсаюз РЭП да Аляксея Яўгенава і напісалі заяву ў суд, які яна выйграла. Суд пастанавіў выдаць ёй сярэдні заробак за гэтыя два гады”.

Зінаіда Мялешчанка адзначае, што напярэдадні звароту ў незалежны прафсаюз яна разам з Людмілай Беразоўскай ездзіла ў Магілёўскі аблвыканкам, дзе таксама спрабавала дамагчыся адказу на хвалюючыя яе пытанні.

Прававы інспектар незалежнага прафсаюза Аляксей Яўгенаў тлумачыць, чаму жанчына не даатрымлівала пенсію.

“Наймальнік не вёў улік заробку. То бок запіс быў у працоўнай кніжцы, а дакументаў, што яна атрымлівала заробак і рабіла адлічэнні ў Фонд сацыяльнага страхавання, не было. Ёй пры налічэнні пенсіі гэты прамежак часу не залічылі, адпаведна каэфіцыент у яе атрымаўся меншым, калі была налічаная пенсія. Таму і пенсія была меншай. Гэта такія бухгалтарскія хітрыкі. У судзе мы прасілі, каб ёй налічылі заробак сярэдні па галіне, (гандаль у сельскай мясцовасці) і суд вынес рашэнне зрабіць ёй пераразлік”, — кажа Аляксей Яўгенаў.

Яўгенаў таксама адзначае, што гэта ўжо не першы выпадак, калі ў прафсаюз РЭП звяртаюцца людзі з падобным пытаннем і атрымліваюць юрыдычную дапамогу, у выніку чаго робіцца пераразлік пенсій і кампенсацыя недаплачаных сум пасля выхаду на пенсію.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі