Жыхара Мінскага раёна судзяць за адмаўленне "генацыду беларускага народа"
Кніга пра генацыд беларускага народа
54-гадовага жыхара Мінскага раёна судзяць за адмаўленне "генацыду беларускага народа", піша праваабарончы цэнтр "Вясна".
Андрэя Савіцкага вінавацяць у тым, што нібыта з кастрычніка 2020 года да лістапада 2023-га ён адміністраваў у "Аднакласніках" адкрытую групу, дзе размясціў некалькі публікацый з "негатыўнай ацэнкай Лукашэнкі", а таксама публікацыю, у якой "адмаўляў масавае знішчэнне нямецкімі карнікамі мірных жыхароў вёскі Хатынь у выніку аперацыі 22 сакавіка 1943 года".
Савіцкага затрымліваў ГУБАЗіК. У МУС кажуць, што ён "рэабілітаваў фашыстаў і прыпісваў савецкім грамадзянам злачынствы, учыненыя акупантамі".
Закон "Аб генацыдзе беларускага народа", ініцыянаваны генпракурорам Андрэем Шведам, Лукашэнка падпісаў 5 студзеня 2022 года. Згодна з ім абвінавачаныя караюцца пазбаўленнем волі тэрмінам да пяці гадоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.