Жыхарам расійскага Белгарада ўлады прапанавалі эвакуацыю
Белгарад пасля абстрэлу
Жыхарам расійскага Белгарада ўлады прапанавалі эвакуацыю. Ім абяцаюць "дастаткова камфортныя ўмовы" ў іншых раёнах вобласці — ў Старым Асколе і Губкіне.
Пра магчымасць эвакуацыі з-за абстрэлаў паведаміў губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў. Ён сцвярджае, што з горада вывязуць усіх жадаючых. А некалькі сем'яў ужо эвакуяваныя. "Вы будзеце знаходзіцца там столькі часу, колькі гэта будзе неабходна", — піша Гладкоў.
У Белгарадзе і некалькіх раёнах вобласці працягнулі да 19 студзеня школьныя канікулы. Таксама ў пятніцу ўлады горада параілі мясцовым жыхарам "абклеіць вокны скотчам". "Лепш ляпіць крыж-накрыж, прайшоўшыся па ўсім перыметры акна", — гаворыцца ў інструкцыі.
Інтэнсіўныя абстрэлы Белгарада і вобласці з тэрыторыі Украіны працягваюцца з канца мінулага года. Ужо загінулі дзясяткі чалавек, сотні пацярпелі. Паводле версіі ўкраінскіх крыніц, разбурэнне грамадзянскай інфраструктуры горада і гібель людзей стала вынікам неэфектыўнай працы расійскай СПА.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.