"Злуецца, але не хлусіць": аналітык паводзінаў пра інтэрв'ю Лукашэнкі BBC
Аляксандр Лукашэнка і Стыў Розэнберг / president.gov.by
"Калі меркаваць па самых эмацыйных фрагментах інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі карэспандэнту BBC Стыву Розэнбергу, казаць пра тое, што кіраўнік Беларусі дзесьці схлусіў, на гэты раз я не магу", — апавядае Еўрарадыё расійскі эксперт па хлусні і мове жэстаў, аналітык паводзінаў Ілля Анішчанка.
Гутарка Лукашэнкі з журналістам брытанскай медыякампаніі адбылася 19 лістапада. Ужо некалькі дзён у сацсетках абмяркоўваюць вострыя пытанні, якія Стыў Розэнберг задаваў Лукашэнку, а таксама яго рэакцыю на іх.
Гаворка ішла пра міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы, пра ціск на праваабаронцаў і НДА ў Беларусі, а таксама пра збіццё беларусаў падчас мірных дэманстрацый пасля выбараў.
Наколькі ўразлівы быў Лукашэнка і ў якіх тэмах ён адчувае сваю рацыю? На просьбу Еўрарадыё Ілля Анішчанка прааналізаваў рэакцыю Лукашэнкі на самыя вострыя пытанні.
Ілля Анішчанка: Зноў незадаволены, злуецца — так, але не хлусіць. Калі ўспамінаць інтэрв'ю Лукашэнкі замежным журналістам, якія я аналізаваў раней, падчас гутаркі са Стывам Розэнбергам у яго з'яўляецца новы жэст, мы называем яго "пашыральны", або жэст "захопу прасторы": калі чалавек незадаволены, ён ставіць рукі ў бокі.
“Нашы дапамагаюць ім [мігрантаў] перабрацца на польскую тэрыторыю? Цалкам магчыма", — кажа Лукашэнка.
Тут яго жэсты паказваюць на тое, што гэта праўда. Ён паводзіць сябе кангруэнтна, то бок жэсты супадаюць з тым, што ён кажа. І жэсты вельмі добрыя — абедзвюма рукамі, без якіх-небудзь пацепванняў.
Сапраўды, хтосьці цалкам можа дапамагаць мігрантам, але разбірацца ён з гэтым не будзе. Лукашэнка шчыра пра гэта кажа і ківае галавой. Плюс кладзе руку на грудзі — такі жэст чыстасардэчнага прызнання. Ён не супраць таго, каб хтосьці дапамагаў мігрантам.
"Нават не буду разбірацца", — папярэджвае ён і падтрымлівае сваю заяву рэзкім упэўненым жэстам абедзвюх рук ("сказаў, як адрэзаў").
"Я сказаў: я не буду іх затрымліваць на мяжы, трымаць на мяжы і надалей, калі яны будуць ісці праз Беларусь, таму што яны ідуць не да мяне, а да вас", — працягвае ён.
Тут як раз і з'яўляецца гэты "пашыральны жэст". Лукашэнка ставіць сабе на сцягно кулак і адводзіць локаць — паказчык гневу, злосці і ўпэўненасці ў тым, чаго ён не будзе рабіць. Дарэчы, на гэтай фразе ў яго павышаецца голас.
Другой рукой ён робіць яшчэ адзін жэст пацверджання — "шчопаццю" пальцаў. У тым, што ён будзе прапускаць мігрантаў праз мяжу і надалей, ён дакладна ўпэўнены.
"Вы перасталі выходзіць на кантакт і працаваць. Не хочаце — не трэба. Мы без вас будзем вырашаць гэтую праблему так, як атрымаецца", — незадаволена абяцае далей Лукашэнка, падмацоўваючы ўсе свае словы ўпэўненымі жэстамі-ілюстратарамі альбо левай, альбо правай, альбо абедзвюма рукамі.
"Выражам усіх нягоднікаў, якіх вы фінансавалі", — кажа Лукашэнка, калі журналіст нагадвае пра ліквідаваныя ў Беларусі НДА. Зноў — жэст "пашырэння", пры гэтым міміка твару выказвае агіду. У папярэдніх інтэрв'ю мы ўжо сустракаліся з гэтым, калі Лукашэнка казаў пра Святлану Ціханоўскую.
Ён ненавідзіць усе НДА, так што калі ў Беларусі яшчэ засталіся такія арганізацыі, хутка ўсе яны будуць зачыненыя, бо выклікаюць у Лукашэнкі моцны гнеў і агіду. Ён будзе з імі змагацца і надалей.
Манера камунікаваць — як і раней, калі ён дачыняўся з замежнымі журналістамі: грэбалівасць, гнеў, павышэнне голасу, пераход на "ты".
Што тычыцца эмацыйнага плану, ён усё гэтак жа сябе не стрымлівае. Градус унутранага напружання да Захаду ў яго не спадае.
Як і раней, ён знаходзіцца ў незбалансаваным стане
Лукашэнка ўсё такі самы эмацыйны. Унутраны стан не супакоіўся. Так, у сітуацыі з мігрантамі ён адчувае сябе ўпэўнена, але стасункі з Захадам не змяніліся і сітуацыя ўсё тая ж.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.