Змены ў Канстытуцыю: галасаваць нельга байкатаваць. Дзе паставіць коску?

Ісці на рэферэндум ці не — вось у чым пытанне / Еўрарадыё
Ісці на рэферэндум ці не — вось у чым пытанне / Еўрарадыё

У 2020 годзе беларусы ўзялі актыўны ўдзел у выбарах прэзідэнта: чэргі на выбарчыя ўчасткі расцягваліся на некалькі сотняў метраў. З упэўненасцю можна сказаць, што такой масавай палітычнай актыўнасці ў Беларусі не было даўно.

У жніўні, па звестках ЦВК, на выбарах перамог Лукашэнка. Цяпер беларусам зноў прапануюць апускаць бюлетэні, але ўжо на рэферэндуме па зменах у Канстытуцыю. Што гэта будзе — сумленнае галасаванне ці ілюзія выбару?

— Я думаю, што сёлета таксама будуць фальсіфікацыі. У нас няма наіўнасці наконт таго, што цяпер усё будзе палічана правільна і карэктна, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё каардынатарка НАУ і заснавальніца некамерцыйнай арганізацыі "Сумленныя людзі" Алена Жываглод. — Мы гаворым пра тое, што прыходзіць і дэманстраваць, не згаджацца з тым, што адбываецца ўнутры краіны, і з тым, што Лукашэнка і яго світа дагэтуль ва ўладзе, — гэта магчымасць кожнага беларуса. Выкарыстоўваць ці не выкарыстоўваць магчымасць выказаць нязгоду — выбар кожнага.

Мы бачылі ў 2020 годзе, што адбылося, і ўвесь свет бачыў, што адбылося. Гэта даставіла шмат непрыемнасцяў Лукашэнку. Сітуацыя цяпер развіваецца больш дынамічна, чым магла б. Прэзідэнцкія выбары несувымерныя з цяперашнім рэферэндумам, але гэта, напэўна, другая па значнасці падзея, калі кожны мае магчымасць прыйсці на ўчастак. І Лукашэнка не можа гэтага забараніць. Мы гаворым пра тое, каб тыя, хто не згодны, хто адчувае патрэбнасць і грамадзянскі абавязак, хто не гатовы моўчкі стаяць убаку, — прыходзілі на ўчасткі і выказвалі сваю нязгоду.

Як "нязгодныя" могуць сябе пазначыць? Бо надзець, напрыклад, белую стужачку — гэта значыць з вялікай імавернасцю крыху пазней апынуцца на Акрэсціна.

— Мы прапануем інструменты, мы працуем цяпер з платформай "Голас" над тым, каб пацвярджаць [вынікі асабістага галасавання. — Еўрарадыё] ў анлайн-рэжыме. Візуальна зараз наўрад ці будзе карцінка з БЧБ-сцягамі, таму што гэта рызыка. У нас няма такога закліку — надзяваць белыя стужкі. Алгарытм дзеянняў, які мы прапануем, прадугледжвае, што мы зможам палічыць па пратаколах, колькі людзей нязгодныя з рэжымам.

Калі на ўчастках для галасавання знойдуцца супрацоўнікі камісій, якія не будуць маўчаць пра выяўленыя імі фальсіфікацыі, то ці не стане гэта для іх, вобразна кажучы, апошнім рашэннем, прынятым на волі?

— Я заклікаю да свядомасці гэтых людзей. Наша задача — растлумачыць гэтыя рызыкі ў тым ліку. Ці разумеюць людзі, што па іх могуць прыйсці? Так, разумеюць. За паўтара года ў Беларусі ні ў кога няма ілюзій, што кагосьці могуць шкадаваць і абараняць.

Пры гэтым ці гатовыя вы стаць саўдзельнікам злачынства [мае на ўвазе магчымыя фальсіфікацыі на галасаванні. — Еўрарадыё]? І іншае пытанне: што будзе з вамі, калі вы застаняцеся ў выбарчых камісіях, калі ўвесь ваш горад будзе ведаць, што вы і ёсць фальсіфікатар? — пытаецца Алена Жываглод.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі