Зміцер Вайцюшкевіч прэзентаваў кліп да дня нараджэння Генадзя Бураўкіна
Песня “Мама” з апошняга альбома музыкі “Варанок” напісана на верш знакамітага беларускага паэта. Генадзю Бураўкіну сёння споўнілася б 78 гадоў.
У інтэрнэт выкладзены першы афіцыйны кліп Змітра Вайцюшкевіча на песню "Мама" з апошняга альбома "Варанок". Гэтую працу спявак прысвяціў аўтару тэкстаў альбома, знакамітаму беларускаму паэту і грамадскаму дзеячу Генадзю Бураўкіну, якому сёння (28 жніўня) споўнілася б 78 гадоў.
Трэк "Мама" на думку Вайцюшкевіча — тое, чаго вельмі не хапала беларускай песні. Генадзь Мікалаевіч вельмі дакладна і шчыра перадаў пачуцці ды перажыванні кожнага сына ці дачкі.
"Калі ты папросіш сто чалавек, каб назвалі якую-небудзь песню пра маму, хутчэй за ўсё, ніхто нічога не ўзгадае, — разважае спявак. — Цікава, што калі мастак малюе маму, то ён мастак, а калі спявак піша песню пра маму, то ён падлюка, ці жадае грошай хутка зарабіць. Я лічу, што пра маму трэба спяваць, а там — час пакажа… бо мама сёння ёсць, а заўтра раз — і няма".
Таму музыка і рызыкнуў "паверыць у відэа, якое мусіць быць хоць адно ў жыцці, каб было што людзям паказаць" менавіта з гэтай песняй. Рэжысёрам дэбютнага кліпа выступіў Расціслаў Смольскі.
"Мне ўвогуле цікавая такая праца, — дзеліцца пасля здымкаў уражаннямі Зміцер. — Таму што табе ставяць задачу. Звычайна я сам сабе задачы ставіў і па музыцы, і па вобразах. А тут ёсць рэжысёр, які цябе ўспрымае і бачыць па-свойму, нават калі табе гэтае бачанне можа не падабацца. Я спадзяюся, што атрымаецца нармальна, не кісла".
Генадзь Бураўкін памёр 30 траўня 2014 года. Апошнія месяцы жыцця ён змагаўся з анкалагічным захворваннем.
Фота з "ЖЖ" Яўгена Ерчака