Зніклай Юліі Балыкінай пагражалі: Зраблю з табой такое, з-за чаго сяду ў турму
Экс-чэмпіёнку Беларусі па спрынтарскім бегу, 31-гадовую Юлію Балыкіну не могуць знайсці ўжо больш за 11 дзён.
Жанчына знікла 28 кастрычніка і перастала выходзіць на сувязь з блізкімі і сябрамі. На мінулых выхадных праваахоўнікі і валанцёры шукалі яе па лясах у Смалявіцкім раёне. Мяркуючы па ўсім, на гэту мясцовасць паказаў былы хлопец Юліі Балыкінай, на якога распачалі крымінальную справу па артыкуле “Забойства”.
“У пошуках нам дапамагалі ў тым ліку калегі Юліі па спорце. У іх ёсць сапраўднае жаданне і матывацыя знайсці яе. Сябры спадзяюцца, што мы проста гулялі па лесе… Разлічваюць, што рана ці позна яна проста вернецца дадому. Мы не спынімся і чакаем дадатковай інфармацыі, у якім кірунку працягваць пошукі”, — расказвае Еўрарадыё Крысціна Басава, каардынатар з пошукавага атрада “Анёл”.
Сябар Балыкінай, які добра ведаў і Юлію, і Дзмітрыя В., падазраванага ў забойстве, распавядае Еўрарадыё пра тое, што некалькі тыдняў таму Балыкіна прыходзіла да яго са скаргамі аб пагрозах з боку былога хлопца.
“Лічу, што ён рыхтаваўся да гэтага, зрабіў гэта наўмысна і пры гэтым быў не адзін”
“З Юляй я бачыўся пару тыдняў таму. Яна сама да мяне на працу прыязджала. Перадала словы Дзмітрыя: “Цалкам мяне кінеш — зраблю такое, з-за чаго траплю ў турму”. Таму я не веру ў версію, што гэта злачынства — звычайная бытавуха, здзейсненая ў стане афекту. Не веру я і ў версію, што ён быў “умазаны”. Магчыма, такім чынам ён хоча адкасіць праз дурку. Адна з чутак, што ён ударыў яе малатком па галаве. Юля — чалавек вельмі прамы. Не адчэпіцца, пакуль чалавек не прызнае сваю вінаватасць. Магчыма, гэта і справакавала яго. Але гэта была не бытавуха. Лічу, што ён рыхтаваўся да гэтага, зрабіў гэта наўмысна і пры гэтым быў не адзін”, — жорстка выказваецца крыніца.
Яна казала: “Не ведаю, што з ім рабіць. Мне яго шкада”. Ёй раілі: “Не трэба яго шкадаваць, бо такія людзі ў выніку могуць нешта дрэннае вытварыць”.
Еўрарадыё: Чаму Дзмітрый хлусіў, што ў яго няма грошай? Можа быць, ён аматар азартных гульняў ці наркаспажывец?
Сябар Балыкінай: Пра гэта я не ведаю. Калі мы ў яго пыталіся, куды дзяваюцца грошы, адказваў, што сам не ведае. Туды зайшоў, сюды зайшоў — і грошай няма. Юліі ён казаў, што напазычаў грошай сябрам. Мы, калі даведаліся пра гэту хлусню, самі ад яго адвярнуліся. Праўда, быў перыяд, калі ў яго насамрэч маглі быць фінансавыя цяжкасці. Ён доўга ўзнаўляў пашпарт. Натуральна, афіцыйна на працу нідзе браць не хацелі. Куды яго возьмеш, калі ён бомж? Перабіваўся халтурамі.
Еўрарадыё: Адкуль у вас здагадкі, што ён дзейнічаў не самастойна?
Сябар Балыкінай: Ведаю, што ёсць запісы з відэакамер запраўкі, спераду ў аўто яшчэ нехта быў. Да таго ж, здзейсніўшы забойства ў кватэры, мне здаецца, ён не змог бы сам усё так аператыўна правярнуць. Важна знайсці, хто яму дапамагаў. Перакананы, што з тым чалавекам ён звязваўся па вайберы…
***
У гісторыі са знікненнем Балыкінай усе версіі сыходзяцца не на карысць Дзмітрыя В. Была толькі адна цьмяная чутка, нібыта Юлія падпрацоўвала нелегальным таксістам.
“Яна не той чалавек, які такім бы займаўся і рызыкаваў. Гэта незаконная дзейнасць, — катэгарычна абвяргае версію блізкая сяброўка Балыкінай. — У нас ва ўсіх шмат версій, у кожнага сваё меркаванне, але цалкам праўды ніхто не ведае. Чакаем паведамленняў ад Следчага камітэта”.