ЗША таемна паставілі Украіне ракеты вялікай далёкасці ATACMS — Reuters
ЗША паставілі Украіне ракеты ATACMS вялікай далёкасці
Апошнія тыдні ЗША таемна пастаўлялі Украіне ракеты далёкага радыусу дзеяння ATACMS. А на мінулым тыдні Украіна ўпершыню выкарыстала іх. Пра гэта журналістам агенцтваў Reuters і Associated Press паведамілі амерыканскія чыноўнікі на ўмовах ананімнасці, пераказвае Бі-Бі-Сі.
Паведамляецца, быццам гэтыя ракеты былі ўключаныя ў пакет вайсковай дапамогі на суму 300 мільёнаў долараў, які быў ухвалены 12 сакавіка. Колькі менавіта ракет было адпраўлена Украіне — не ўдакладняецца.
Упершыню ўкраінцы выкарысталі ракеты ATACMS зранку 17 красавіка — для ўдару па аэрадроме ў Джанкоі ў анэксаваным Крыме. Гэты аэрадром размяшчаецца прыкладна за 165 км ад украінскай лініі фронту. Таксама чыноўнікі паведамілі журналістам, нібыта ўдары ракетамі ATACMS былі нанесеныя і па расійскіх войсках на акупаванай тэрыторыі.
Яшчэ большая колькасць ракет нібыта будзе прадастаўленая ў рамках новага пакета ваеннай дапамогі, пра які Пентагон паведаміў сёння.
ATACMS сярэдняй далёкасці былі ўпершыню пастаўленыя ва Украіну ў верасні 2023 года. Спярша Вашынгтон выступаў супраць пастаўкі Кіеву дальнабойных ракет з радыусам дзеяння да 300 км — у Штатах асцерагаліся, што іх будуць выкарыстоўваць для атак па тэрыторыі Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.