ЗША заклікаюць улады Беларусі неадкладна вызваліць усіх затрыманых
Амбасада ЗША ў Мінску выступіла з заявай з нагоды затрыманняў падчас святкавання Дня Волі ў Мінску.
“Злучаныя Штаты з глыбокай заклапочанасцю адзначаюць супрацьдзеянне ўладаў Беларусі правядзенні мірных акцый з нагоды Дня волі, які адзначаецца штогод. Маштабныя затрыманні мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў і шэрагу журналістаў ідуць насуперак дэмакратычным каштоўнасцям. Маюцца паведамленні пра выкарыстанне сілы супраць мірных дэманстрантаў і іншых асоб”, ― гаворыцца ў заяве.
“Наколькі нам вядома, некаторыя з затрыманых вызваленыя. ЗША будуць і далей уважліва сачыць за сітуацыяй і заклікаюць урад Беларусі неадкладна вызваліць астатніх затрыманых мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў і журналістаў, і забяспечыць права грамадзян на правядзенне мірных сходаў і свабоду слова ў адпаведнасці з яго міжнароднымі абавязацельствамі” ― зазначаецца далей у дакуменце.