Звольнены дырэктар школы: "Камусьці не хапіла праўдзівасці і сумленнасці"
Звольнены дырэктар Яўген Макарэвіч / "УКантакце"
1 красавіка з маладзечанскай школы №5 звольнілі дырэктара Яўгена Макарэвіча. Падчас прэзідэнцкіх выбараў на размешчаным у школе выбарчым участку №29, старшынёй якога быў Макарэвіч, перамагла Святлана Ціханоўская. За яе прагаласаваў 741 чалавек, за Лукашэнку — 620.
Пасля выбараў дырэктар сам падаў заяву на звальненне.
— Гэта было маё рашэнне. Таму што тыя, хто прымаў галасы, нядобра адгукнуліся пра вынікі, якія мы атрымалі на ўчастку. Маё рашэнне было не паддацца гэтаму ціску, — расказвае Еўрарадыё Яўген Макарэвіч. — У нашага кіраўніцтва была незадаволенасць, хоць я проста канстатаваў факт [абвяшчэнне вынікаў галасавання. — Еўрарадыё]. У нас на ўчастку былі незалежныя назіральнікі, і з выканкама была жанчына. Два чалавекі былі ад нашага калектыву, ад грамадскіх арганізацый.
Казалі, што нікога звальняць не будуць — "у кожным разе"
Праўда, чыноўнікі маладзечанскага ўпраўлення па адукацыі сказалі, што ніякіх заяў на звальненне ім не паступала.
"Нікога з дырэктараў мы не будзем звальняць у кожным разе. Большасць кантрактаў, якія заключаюцца на год, заканчваліся 30 чэрвеня. Яны падоўжаныя з усімі дырэктарамі. Што да Макарэвіча, то ніхто не будзе звальняць чалавека, якому застаецца да пенсіі паўтара года", — так 12 жніўня 2020 года ва ўпраўленні па адукацыі Маладзечна пракаментавалі сітуацыю выданню Kraj.by.
Макарэвіч кажа, што заяву на звальненне ён сапраўды пісаў, але ў аддзеле адукацыі яе страцілі. Цяпер яна "знайшлася" — чаму?
— Напэўна, час чакалі, — адказвае экс-дырэктар. — Я ж далей не ўдзельнічаў у праўладных аўтапрабегах, не падпісваў усе гэтыя прафсаюзныя лісты і гэтак далей. Напэўна, я ім надакучыў ужо са сваімі поглядамі. І напэўна, ім не хацелася б бачыць тое, што магу стаць прыкладам іншым. Таму, напэўна, і прынялі такое рашэнне.
Бацькі сабралі подпісы за тое, каб дырэктар застаўся
У верасні праз погляды на тое, што адбываецца ў краіне, са школы звольнілася намесніца дырэктара па выхаваўчай рабоце.
— Намесніца дырэктара яшчэ ў перыяд выбараў выказала сваю грамадзянскую пазіцыю, — кажа Яўген. — У адказ сказалі, што яна, як ідэолаг, павінна праводзіць палітыку, якая праводзіцца ў дзяржаве. Ну яна і вырашыла: раз такі недавер…
31 сакавіка бацькі вучняў сабралі подпісы супраць звальнення Яўгена Макарэвіча. Ліст адправілі начальніку ўпраўлення па адукацыі Маладзечанскага райвыканкама.
Акрамя дырэктарства, Макарэвіч выкладаў у школе гісторыю. Вось як пра яго адгукаюцца нядаўнія выпускнікі:
— Прафесія ў яго складаная, але Яўген Васілевіч вельмі добры чалавек, магу сказаць толькі станоўчыя словы. На яго ўроках, на якіх мне ўдалося пабываць, было вельмі цікава, а за адказы ён ставіў тое, што заслужылі.
— Памятаю як спакойнага чалавека, чалавека здаровага сэнсу.
Тое, што цяпер адбываецца ў краіне, былы дырэктар называе складаным паслявыбарным перыядам.
— Проста, можа быць, камусьці не хапіла праўдзівасці і сумленнасці, камусьці, можа быць, не хапіла смеласці. Вы ж бачыце, што поствыбарная сітуацыя занадта зацягнулася.
Новай працы Яўген Макарэвіч пакуль сабе не знайшоў. Хто зойме пасаду дырэктара школы №5 Маладзечна, таксама пакуль невядома — пра гэта Еўрарадыё сказалі ў самой установе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.