Звольнілі дырэктарку аднаго з самых папулярных беларускіх тэатраў

Святлана Карукіна

Святлана Карукіна / "Беларусь 1"

Святлана Карукіна звольненая з пасады дырэктара Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, паведамляе сайт "Зеркало" са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Паведамляецца, што дырэктарку звольнілі яшчэ сёлета ў ліпені. На сайце тэатра прозвішча і фатаздымка Карукінай ужо няма.

Святлана Карукіна нарадзілася ў Мінску ў 1969 годзе. У 1993-м скончыла філалагічны факультэт БДУ. У РТБД яна працавала з 2005 года: вядучым спецыялістам па маркетынгу, галоўным адміністратарам, намеснікам дырэктара. Пасаду дырэктара тэатра Карукіна заняла ў ліпені 2018-га, змяніўшы на гэтай пасадзе Уладзіміра Карачэўскага ( ён стаў гендырэктарам Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм").

РТБД заставаўся адным з самых папулярных беларускіх калектываў, хаця і зазнаў рэпрэсіі. Частка актораў пакінула краіну падчас пратэстаў і пасля іх, мастацкі кіраўнік Аляксандр Гарцуеў быў звольнены напрыканцы снежня 2021-га.

Новай дырэктаркай РТБД стала Святлана Навуменка. Яна нарадзілася ў 1964 годзе. Паводле першай прафесіі яна актрыса, працавала ў сталічным ТЮГу. Таксама Навуменка мае рэжысёрскую адукацыю, яна ставіла спектаклі ў розных беларускіх тэатрах. У РТБД працуе з 2010 года.

Звальненні ў беларускіх тэатрах апошнім часам сталі даволі рэгулярнымі. У сакавіку быў звольнены дырэктар Музычнага тэатра Сяргей Пукіта, у красавіку — мастацкі кіраўнік Віцебскага тэатра "Лялька" Віктар Клімчук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі