Зяленскі гаварыў пра "аднаўленне справядлівасці для ўсіх еўрапейцаў"
У сваім вечаровым звароце ў пятніцу ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі пракаментаваў згоду краін G7 увесці столь коштаў на расійскую нафту. "Калі гэты механізм будзе рэалізаваны, ён стане важкім элементам абароны цывілізаваных краін і энергарынкаў ад расійскай гібрыднай агрэсіі, — гаварыў ён. — І сапраўды — трэба абмежаваць таксама кошт на расійскі газ. Я ўдзячны спадарыні кіраўніцы Еўракамісіі Урсуле фон дэр Ляен, якая сёння сказала пра гэта".
Прапанову Ляен абмяркуюць 9 верасня міністры энергетыкі краін ЕС. А намеснік старшыні Саўбеза РФ Дзмітрый Мядзведзеў ужо прыгразіў, што "будзе як з нафтай", і "расійскага газу ў Еўропе проста не будзе".
"Даўно настаў час менавіта такіх энергетычных санкцый супраць Расіі, — працягвае Зяленскі. — Санкцый, якія не толькі абмяжуюць плынь нафтадалолараў і газаеўра ў Маскву, але і адновяць справядлівасць для ўсіх еўрапейцаў, якіх Расія спрабуе шантажаваць штучна раздзьмутым коштавым крызісам на энэргетычным рынку".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.