Зяленскі — пра справу Шарамета: калі я вам скажу, то сарву аперацыю
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі вызначыў тэрмін, калі расследаванне справы пра забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета павінна быць завершанае. Аднак справа засакрэчаная, і прычыны гэтага ён назваць адмовіўся. Адпаведная заява прагучала падчас прэс-марафона Зяленскага 10 кастрычніка.
"Калі я вам скажу, у чым сакрэтнасьць гэтай справы, то я проста зараз сарву аперацыю. Я хачу, каб гэтую справу завяршылі. Мне патрэбны вынік у гэтай справе. Я гэтага хачу так, як і вы. Мы хочам ведаць дэталі гэтай справы, а галоўнае — ведаць забойцу. Правільна? Давайце пачакаем, калі гэта ўсё завершыцца", — прыводзіць Радыё "Свабода" словы Зяленскага.
Ён падкрэсліў, што аб расследаванні ведае не нашмат больш, чым журналісты. Але паабяцаў зняць кіраўніцтва праваахоўных органаў, калі да вызначанага ім тэрміну не будзе вынікаў. Самі ж тэрміны назваць адмовіўся.
Журналіста беларускага паходжання Паўла Шарамета ўзарвалі ў цэнтры Кіева 20 ліпеня 2016 года. Асноўнай версіяй забойства называлася яго прафесійная дзейнасць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.