Зянон Пазняк распавёў, куды паехаў бы пасля вяртання ў Беларусь
Зянон Пазняк у інтэрв'ю "Новаму часу" распавёў, куды паехаў бы пасля вяртання ў Беларусь. Лідар КХП-БНФ з 1996 года знаходзіцца на эміграцыі.
"Бракуе Беларусі, — кажа 75-гадовы Пазняк. — Калі б вярнуўся, адразу б пайшоў на магілу маці. Потым у Курапаты".
Маці Зянона Пазняка Ганна Пазняк памерла 22 красавіка 2012 года. Яна не дажыла некалькі дзён да свайго 90-годдзя. Палітык не змог прыехаць у Беларусь на пахаванне маці. Апошні раз ён сустракаўся з ёй у 1998-м, калі яна прыязджала да яго за мяжу.
"Пэўне, маліўся б і дзякаваў Богу, што даў мне магчымасць падыхаць паветрам Радзімы, — працягвае палітык-эмігрант. — На чужыне — іншае паветра. Нават здаецца, што яго там няма".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.