Зянон Пазняк заклікаў мастакоў адмовіцца ад помніку ў Курапатах
Старшыня партыі КХП-БНФ Зянон Пазняк звярнуўся да ўдзельнікаў конкурсу Міністэрства культуры на лепшы праект помніка ў курапатах, перадае Радыё "Свабода".
Як вядома, менавіта Пазняк стаў адкрывальнікам праўды пра масавыя расстрэлы ў Курапатах.
Палітык лічыць, што ўдзел у конкурсе на помнік у Курапатах — гэта ўдзел у знішчэнні народнага мемарыяла. "Не бачыць, не разумець такога — немагчыма, калі ёсць веды і сумленне. Фігуральна, ім як бы прапанавалі намаляваць вусы і бараду для Моны Лізы, і яны пагадзіліся", — піша ў сваім звароце Пазняк.
Усе прапанаваныя конкурсныя праекты ён назваў "дысгарманічнымі хімернымі канструкцыямі, пазначанымі пячаткай здзеку".
Пазняк заклікаў скульптараў адмовіцца ад удзелу ў "фальшывым конкурсе".
На гэтым тыдні Мінкультуры абвясціла вынікі конкурсу на лепшы памятны знак на месцы масавых расстрэлаў у Курапатах. Пераможцам стаў аўтарскі калектыў скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, а таксама архітэктараў Марыі Маркаўцовай і Вольгі Ярмолінай.