З'явілася расшыфроўка з пагрозай беларускаму самалёту ўкраінскага дыспетчара

З'явілася расшыфроўка з пагрозай беларускаму самалёту ўкраінскага дыспетчара

З'явілася расшыфроўка перамоваў з пагрозай беларускаму пасажырскаму самалёту ўкраінскага дыспетчара. Як паведамляла Еўрарадыё, 21 кастрычніка Боінг 737-800 выконваў рэйс В2-840 Кіеў — Мінск, на яго борце былі 136 пасажыраў і 6 чальцоў экіпажу. Ён выляцеў з міжнароднага аэрапорта "Жуляны" і праз 11 хвілін знаходзіўся ў 50 км ад уваходу ў паветраную прастору Беларусі. У гэты момант украінскі дыспетчар з Кіева загадаў экіпажу тэрмінова вярнуцца назад у "Жуляны", пра прычыны ён нічога не сказаў. Беларускі бок пазней заявіў, што ўкраінцы пагражалі падняць знішчальнікі. У выніку, беларускі самалёт вярнуўся, супрацоўнікі ўкраінскіх спецслужбаў вывелі аднаго з пасажыраў (пасля праверкі яго адпусцілі і ён прыляцеў у Мінск наступным рэйсам), пасля чаго Боінг паляцеў у Беларусь.

МЗС нашай краіны перадало ў Кіеў ноту пратэсту і запатрабавала афіцыйных прабачэнняў. А прадстаўнік СБУ абверг інфармацыю пра тое, што была пагроза падняць знішчальнікі, назваў яе "абсурднай". Аднак, як вынікае з апублікаванай у газеце "СБ. Беларусь сегодня" расшыфроўкі перамоваў камандзіра экіпажа і ўкраінскага дыспетчара, пагроза была.

Дыспетчар: Белавія-840, Кіеў-Радар.

Пілот: Слухаю.

Дыспетчар: Белавія-840, паступіла ўказанне: вам трэба, неабходна вярнуцца на аэрадром вылету "Жуляны". ЗА НЕВЫКАНАННЕ БУДЗЕ ПАДНЯТА БАЯВАЯ АВІЯЦЫЯ НА ПЕРАХОП.

Пілот: А што здарылася такое?

Дыспетчар: У эфір не магу перадаць. Па прыбыцці ўсё даведаецеся.

Пілот: Не зразумеў, гэта хто вам перадаў?

Дыспетчар прамаўчаў.

Пілот: Белавія-840, гэта хто інфармацыю перадаў?

Дыспетчар: Белавія-840 — "Украэрацэнтр".

Пілот: А прычына якая?

Дыспетчар: Я атрымаў указанне вярнуць вас на аэрадром вылету.

Пілот: "Жуляны", так?

Дыспетчар: Дакладна так, "Жуляны".

Пілот: Добра, разварочваемся.

...Дыспетчар: Белавія-840, Кіеў-Радар.

Пілот: Так.

Дыспетчар: Белавія-840, гаворыць кіраўнік палётаў. Інфармацыя пра ваша вяртанне на аэрадром "Жуляны" ПАСТУПІЛА АД ВАЕННАГА КІРАЎНІЦТВА. Даклад больш дэтальны вам скажуць пасля пасадкі.

Пілот: Зразумела, вяртаемся.

Можна меркаваць, што неўзабаве з'явіцца і аўдыёзапіс гэтых перамоваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі