З'явіўся першы афіцыйны каментар уладаў Беларусі наконт ядзернай зброі

Плакат на пікеце ў Рызе / t.me/bnkbel/
Плакат на пікеце ў Рызе / t.me/bnkbel/

З'явіўся першы афіцыйны каментар уладаў Беларусі наконт планаў Расіі размясціць у нашай краіне тактычную ядзерную зброю. З ім выступіў МЗС РБ, пытанне якому задалі расійскія журналісты. У каментары сцвярджаецца, што "на працягу апошніх двух з паловай гадоў Рэспубліка Беларусь падвяргаецца беспрэцэдэнтнаму палітычнаму, эканамічнаму і інфармацыйнаму ціску з боку ЗША, Вялікабрытаніі і іх саюзнікаў па NATO, а таксама дзяржаў-членаў Еўрапейскага Саюза". Яго рэжым называе "прамым і грубым умяшальніцтвам ва ўнутраныя справы незалежнай дзяржавы". Таксама сцвярджаецца, што суседнія краіны NATO павялічваюць свой вайсковы патэнцыял.

"Улічваючы названыя абставіны, законныя заклапочанасці і рызыкі ў сферы нацыянальнай бяспекі, якія з іх вынікаюць, Беларусь прадпрымае вымушаныя дзеянні ў адказ па ўмацаванні ўласнай бяспекі і абараназдольнасці", — гаворыцца ў заяве МЗС.

У Мінску лічаць, што ніякія міжнародныя дамовы пры гэтым не парушаюцца, паколькі плануецца "размяшчэнне ядзерных боезарадаў на тэрыторыі Беларусі без перадачы Мінску кантролю за імі". І спасылаюцца на прыклад ЗША, якія захоўваюць у Еўропе ў краінах NATO тактычную ядзерную зброю. Пры гэтым МЗС Беларусі не бачыць прынцыповай розніцы — Расія ваюе ва Украіне, а ЗША — не.

Пра планы размяшчэння ў Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі Уладзімір Пуцін заявіў увечары 25 сакавіка. Ён лічыць, што Расія не парушае рэжыму яе нераспаўсюду, паколькі РБ не атрымае кантролю за ядзернымі зарадамі. Захад жа бачыць пагрозу для бяспекі Еўропы і прагназуе новыя санкцыі. Сітуацыю збіраюцца разгледзіць у Саўбезе ААН.

Аляксандр Лукашэнка з каментаром дагэтуль не выступіў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі