1 мільярд за прыватызацыю кватэры ў элітным раёне Мінска
Самая танная прыватызацыя сталічнай кватэры каштуе “ўсяго” 35-45 мільёнаў рублёў.
Непрыватызаваныя да 1 ліпеня 2016 года кватэры пяройдуць у фонд арэнднага жылля. У службах “аднаго акна” ўздыхаюць з палёгкай: мо хоць зараз людзей у чэргах на прыватызацыю паменшае.
“Я спадзяюся, што яны схлынуць гэтыя чэргі. Нас забівалі гэтымі чэргамі з пачатку траўня і да жніўня. Але 2016 год яшчэ далёка, мяркую, што ўсе супакояцца. Я са страхам думаю, што ўсё будзе добра, але палягчэнне мы адчулі прыкладна з кастрычніка”, — кажуць Еўрарадыё ў службе “аднаго акна” Заводскага раёна Мінска. Раней да іх прыходзіла па 100 чалавек у дзень на прыватызацыю, зараз — 20.
На прыватызацыю кватэр зараз даюць 40 гадоў растэрміноўкі, але з першым плацяжом у 10%. Як даведалася Еўрарадыё, самая дарагая кватэра на прыватызацыю у Заводскім раёне каштуе 237 мільёнаў рублёў.
"Хрушчоўка” — 35-40 мільёнаў, а вось па дамах у 90-х — там дорага. На сёння самы дарагі дом, які прыватызаваўся нядаўна, — 237 мільёнаў. Але гэта Заводскі раён — не самы дарагі".
У адміністрацыі тлумачаць, як утвараецца кошт на прыватызацыю: кажуць, што кожная кватэра каштуе па-рознаму, і нават у розныя месяцы падачы дакументаў кошт прыватызацыі будзе іншым.
“Сумежны санвузел — паніжаючы каэфіцыент, сумежныя пакоі — паніжаючы каэфіцыент, першы паверх — паніжаючы каэфіцыент”, — тлумачаць мне ў адміністрацыі Заводскага раёна Мінска.
Бяром самую дарагую двухпакаёўку ў Заводскім раёне — 237 мільёнаў. Атрымліваецца, выплаты ў месяц па прыватызацыі — 440 тысяч рублёў. Дадайце аплату "камуналкі", дык давядзецца аддаваць каля 8,5 мільёна за год!
Ці не танней жыць у дзяржаўным арэндным доме пры такіх выкладках? Вунь, палова Еўропы так жыве — і нічога! Аказваецца, не зусім.
У аддзеле жыллёвай палітыкі Заводскага раёна Мінска прыводзяць лічбы: за арэнду дзяржаўнай кватэры выходзіць у сярэднім 1 мільён. Гэта за кватэру з мінімальным касметычным рамонтам, без мэблі плюс камунальныя плацяжы.
“Кошт арэнды залежыць ад базавай велічыні. Каб вылічыць кошт арэнды, трэба ўзяць 0,2% ад базавай велічыні, памножыць на плошчу і памножыць на каэфіцыент. Каэфіцыент можа быць ад 0,8 да 1,3. Да прыкладу, кватэра на вуліцы Ротмістрава каштавала 1 мільён”.
Адзін мільён за месяц плюс "камуналка" — дык за год у арэндным доме вылятае болей за 15 мільёнаў! Але з павелічэннем базавай велічыні расце і арэндная плата за дзяржаўныя квадратныя метры! У Заводскім раёне падкрэсліваюць: гэта не самы дарагі па прыватызацыі раён.
“У нас быў вялікі знос, людзям падавалі кватэры на Каменнай горцы. Дык там прыватызацыя каштуе і па… 700- 800 мільёнаў!” — кажуць у Заводскім раёне.
Дзе простыя людзі возьмуць такія грошы?
Але і гэта не мяжа сумы па прыватызацыі.
Як паведамілі Еўрарадыё ў адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска, самая дарагая кватэра па прыватызацыі каштуе болей за… 1 мільярд. Гэта жыллё па вуліцы Старажоўскай, першы ўнёсак — 100 мільёнаў рублёў. Не факт, што ў гэтым выпадку прыватызаваць кватэру танней за арэнду.