11 школ Мінска вучаць па-беларуску, 7 крымскіх - па-ўкраінску
Але толькі ў 6 мінскіх школах заняткі ідуць на беларускай мове ва ўсіх класах. Агулам на роднай мове вучыцца 15% беларускіх школьнікаў.
“У Мінску на сёння ў 11 установах адукацыі ёсць класы, дзе навучанне вядзецца на беларускай мове. Усё па-беларуску - у 5 гімназіях і ў адной школе”, - падлічваюць у Камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама беларускія школы ў амаль двухмільённым горадзе.
Паводле перапісу насельніцтва, у Мінску 80% беларусаў. Беларуская мова – родная для 645 тысяч мінчан, але дома на ёй гавораць толькі 106 тысяч.
У двухмільённым Крыме, які чакае рэферэндума, каб аддзяліцца і адысці да Расіі, 7 школ з украінскай мовай навучання і 15 - з крымска-татарскай.
Акрамя гэтага, ёсць яшчэ асобныя класы ў іншых школах, дзе навучаюцца на украінскай і крымска-татарскай. Па апошнім перапісе, там жыве дзве траціны рускіх, больш за чвэрць украінцаў і 12% татар.
“Колькасць школ з украінскай мовай мяняецца з года ў год, пад патрэбы насельніцтва”, - коратка тлумачаць Еўрарадыё ў Міністэрстве адукацыі пакуль што аўтаномнай рэспублікі Крым.
У Беларусі фармальна палова школ з беларускай мовай навучання. Старшыня Таварыства Беларускай мовы Алег Трусаў кажа:
“Гэта фармальна. Але ў іх вучыцца толькі 15% дзяцей - гэта маленькія вясковыя школы. У Мінску лепшая сітуацыя, тут некалькі беларускіх гімназій, школ, ёсць беларускамоўныя класы. Каля 2% дзяцей вучыцца па-беларуску. І колькасць тут не змяншаецца. А колькасць русукамоўных школ па краіне расце”.
Сталічныя гімназіі, дзе выкладаюць на беларускай мове, па словах старшыні Таварыства беларускай школы Алеся Лозка, не змяшчаюць усіх жадаючых.
“У 20-й гімназіі там конкурсы, набіраюць па два классы, і яны заўжды запаўняюцца. І ў 4-й гімназіі, там яшчэ больш набіраюць. Але ў некаторых школах беларускія класы выпускаюцца ўжо, а новых не набіраецца”, - тлумачыць Алесь Лозка.
Школы і гімназіі Беларусі даюць адукацыю на мове 142 тысячам школьнікаў. Гэта толькі 15% ад усіх вучняў, паведамляе Белсат.
Фота: znyata.com