11 школьнікаў, якія вярнуліся з Італіі, адправілі ў сацыяльна-педагагічны цэнтр
11 рэчыцкіх школьнікаў, якія вярнуліся з Італіі, адправілі ў сацыяльна-педагагічны цэнтр. Але гэта не каранцін, сцвярджаюць у Гомельскім аблвыканкаме.
Вядома, што падлеткі з розных школ Рэчыцкага раёна. Яны адпачывалі ў італьянскім горадзе Таварнэле (гэта рэгіён Фларэнцыя). У Беларусь школьнікі вярнуліся 28 лютага. У сацыяльна-педагагічным цэнтры праводзіцца маніторынг стану іх здароўя. БЕЛТА паведамляе, што змяшчэнне туды дзяцей і педагога, які іх суправаджаў, было ўзгоднена з Міністэрствам аховы здароўя. Там праводзяцца заняткі, арганізаванае харчаванне і медзабеспячэнне.
На сённяшні дзень у Беларусі тры чалавекі заражаныя каранавірусам: іранскі студэнт, бацька яго дзяўчыны і жанчына з Віцебскай вобласці, якая вярнулася з паездкі ў Італію. Міністэрства аховы здароўя піша пра іх, як пра падазраваных на каранавірусную інфекцыю. Сцвярджаецца, што клінічных праяў хваробы няма.
Італія — адна з краін, у якой імкліва расце колькасць заражаных. Іх ужо 1694, памерлі 34 чалавекі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.