114 жыхароў палескай вёскі подпісаліся супраць выразання свіней
Яны не разумеюць, чаму дзеля 2 тысяч лядачых калгасных людзям трэба хуценька знішчыць 5 тысяч сваіх.
Вёска Кабакі Бярозаўскага раёна, са словаў жыхароў, дзвюма хатамі ўвайшла ў 5-кіламетровую зону вакол свінафермы ў Хойніках. Дзеля абароны ад свіной чумы райвыканкам уключыў у спіс на знішчэнне свіней усю вёску. Жыхарка Кабакоў Раіса Цюшкевіч хоча справядлівасці:
“Дапусцім нават, што мы ўвайшлі ў гэтую зону, 5 кіламетраў. Мы згодныя, калі ўжо гэта так трэба, выразаць тых свіней. Але хіба можна гэта за 9 дзён? І калі не, то наступае крымінальная адказнасць. Тое самае, як чалавека забіў. Такая спёка! Людзі ў ажыятажы. Хто лядоўні купляе, хто…Няхай бы далі нам час да снежня. У нас жа няма той чумы!”
Вяскоўцы правялі сход, на якім запатрабавалі ад кіраўніцтва раёна сустрэчы. Аднак да іх ніхто не прыйшоў. Была пададзеная скарга ў пракуратуру, дзе паказаны антысанітарны стан свінафермы ў Хойніках. Маёмасць ААТ “Бярозаўскі камбікормавы завод” у занядбаным стане, за агароджай сметнік ды імправізаваны свінамагільнік.
Паводле падлікаў вяскоўцаў, у раёне дзеля дзвюх занядбаных фермаў з агульным пагалоўем да 5 тысяч свіней пад нож мусяць пайсці 10 тысяч людскіх “хрушак”. “Дык ці не лепш было б зачыніць тыя фермы?” — пытаюцца яны.
Нагадаем, дзеля абароны ад эпідэміі свіной чумы ўлады вылучылі тэрыторыі, на якіх належыць выразаць усё свіное пагалоўе і адстраляць дзікоў. На Брэстчыне ў так званую “буферную зону” ўвайшлі Баранавіцкі, Івацэвіцкі і Пружанскі раёны. Ляхавіцкі раён абвешчаны першай пагражальнай зонай. 5-кіламетровыя “буферныя зоны” акрэсленыя таксама вакол свінакомплексаў.