17-гадовую дзяўчыну асудзілі на 8,5 гадоў за гандаль наркотыкамі
Суд над непаўналетняй дылеркай адбыўся ў Гомелі.
У Гомелі да 8,5 гадоў пазбаўлення волі прыгаварылі 17-гадовую дзяўчыну, якая распаўсюджвала наркотыкі. На судзе яна сцвярджала, што знайшла пачак з-пад цыгарэт, а ў ім — пакецікі са спайсам. Раней школьніца ўжывала наркотыкі, і таму ведала, як яны выглядаюць.
Як піша “Гомельская праўда”, суд не паверыў яе паказанням. Знайшліся сведкі, якія набывалі псіхатропы ў абвінавачанай. Адзін з іх пазнаёміўся з дзяўчынай на дыскатэцы. Яна была пад дозай. Падлетак папрасіў даць нумар тэлефона, але дзяўчына адмовіла. На другі раз яны сустрэліся ў парку. Хлопец быў з сябрам, які стаў другім сведкам на судзе. Яны набылі ў дзяўчыны наркотыкі на некалькі соцень тысяч рублёў.
У 2014 годзе на школьніцу пачалі крымінальную справу за незаконнае абарачэнне наркатычных рэчываў, якую спынілі па амністыі. Дзяўчына праходзіла лячэнне ў наркадыспансеры. Акрамя таго, з 16 гадоў яна знаходзілася на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, бо ўжывала спіртное і не начавала дома.
Падлеткі, якія праходзілі па справе ў якасці сведкаў, таксама былі судзімыя за незаконнае абарачэнне наркотыкаў.
Да паўналецця дзяўчына будзе адбываць пакаранне ў выхаваўчай калоніі.
Фота: ru-an.info