200 тэндараў на BYN 106,5 млн. Што купляюць для Еўрагульняў у Мінску
У чэрвені 2019 года ў Мінску пройдуць другія Еўрапейскія гульні. Дырэкцыя гульняў абвясціла больш за 200 самых розных тэндараў на агульную суму ў 106 мільёнаў 541 тысячу рублёў. Урад пастанавіў, усё будзе закупляцца без конкурсу, будзе ажыццяўляцца закупка праз адну крыніцу.
Адразу ўвагу прыцягвае тэндар на закупку трох партрэтаў Аляксандра Лукашэнкі па 500 рублёў за кожны. Магчыма, іх замовяць у Нікаса Сафронава? Будзе палатно, алей... Інакш такі кошт партрэтаў незразумелы.
Што там яшчэ цікавага?
Тэхніка: 210 камп’ютараў, 100 прынтараў, 50 калькулятараў
Да Еўрапейскіх гульняў дырэкцыя вырашыла грунтоўна закупіцца тэхнікай. Толькі стацыянарных камп'ютараў вырашана набыць 210 штук (602 тысячы рублёў). Акрамя таго, вырашана закупіць 100 прынтараў (35 тысяч рублёў), 50 ноўтбукаў (125 тысяч рублёў), 20 мабільных тэлефонаў (12 тысяч рублёў) і 2 планшэты (3 тысячы рублёў).
Будзе закуплена 500 радыёстанцый (125 тысяч рублёў), 50 калькулятараў (1500 рублёў), 210 стацыянарных тэлефонаў (18 тысяч рублёў) і 50 навушнікаў (1750 рублёў).
Паклапаціліся і пра ліцэнзійны софт: AutoCad, CorelDraw, Photoshop. Усё за 5 тысяч рублёў. Вельмі пахвальна. Але, што цікава, тэндара на ліцэнзійную Windows мы не знайшлі.
За інтэрнэт плануецца заплаціць 48 тысяч 572 рублі. Тэлефонная сувязь абыдзецца толькі ў 31 тысячу 400 рублёў.
Офісная мэбля: зноў 210
Лічба "210" сустракаецца ў тэндарах да Другіх Еўрапейскіх гульняў неаднаразова. Менавіта столькі было закуплена крэслаў, сталоў і стэлажоў для дакументаў. А вось для наведвальнікаў было набыта ўсяго 100 крэслаў (11 тысяч 500 рублёў). Падобна на тое, што не ўсе плануюць прымаць гасцей. А як жа славутая беларуская гасціннасць?
Аўтамабілі
Як арганізаваць такое сур'ёзнае мерапрыемства і абысціся без закупкі аўтамабіляў? Ніяк! Дырэкцыя другіх Еўрапейскіх гульняў закупляе тры легкавыя машыны агульным коштам 90 тысяч рублёў. І адзін мікрааўтобус за 100 тысяч.
За паліва арганізатары Еўрагульняў таксама не будуць плаціць самі. Было вырашана закупіць 17 тысяч 280 літраў бензіну (22 тысячы 291 рублёў). Тэндарныя дакументы складалі, калі літр паліва каштаваў усяго 1 рубель 28 капеек. Але з таго часу бензін даражэў у Беларусі аж 20 разоў! Сёння літр АІ-95 каштуе 1 рубель 48 капеек, а на момант правядзення гульняў, улічваючы штотыднёвае падаражанне на 1 капейку, будзе яшчэ даражэйшым.
Выдаткі на замену шын, мыйку, чыстку і страхоўку аўто — 8 тысяч рублёў.
Рэклама і вяшчанне
Добраму мерапрыемству проста неабходная добрая рэклама! Паколькі гульні салідныя, то і выдаткі такія ж. На вонкавую рэкламу выдаткуюць 400 тысяч рублёў, на радыё — 45 тысяч рублёў, на тэлевізійную і інтэрнэт-рэкламу (яны чамусьці разам) — 200 тысяч рублёў. Бюджэт вонкавай рэкламы амаль удвая перавышае выдаткі на ўсе астатнія віды. Вось табе і новыя медыя...
На распрацоўку рэкламнага дызайну і канцэпцыі білетнай праграмы выдаткавана 70 тысяч рублёў.
Для забеспячэння вяшчання на гульнях выдаткуюць 22 мільёны рублёў. На вытворчасць відэа і аўдыяролікаў — 30 тысяч рублёў. Затраты на друкаваную і рэкламную прадукцыю — 40 тысяч рублёў.
Валанцёры і валанцёркі
Мяркуючы па тэндарах, да правядзення другіх Еўрапейскіх гульняў плануецца прыцягнуць не менш за тры тысячы валанцёраў і валанцёрак. На іх падрыхтоўку вылучана 150 тысяч рублёў. На вытворчасць навучальных матэрыялаў — яшчэ 300 тысяч рублёў. На экіпіроўку (па 750 камплектаў мужчынскай і жаночай формы) выдаткавалі 1,5 млн рублёў.
Кава, чай, асвяжальнік паветра
Сярод больш як 200 пазіцый у тэндарнай закупцы, акрамя буйных лотаў, фігуруе напрыклад: асвяжальнік паветра (12 штук, 35 рублёў), туалетная папера (100 штук, 70 рублёў), мыла туалетнае і гаспадарчае (20 штук, 40 рублёў). Арганізатары гульняў выявіліся сапраўднымі каваманамі: яны закупляюць 50 кілаграмаў кавы (1500 рублёў) і дзве кава-машыны (5 тысяч рублёў).
Пры гэтым закупляецца толькі 50 упаковак гарбаты, зялёнай і чорнай. Адчуваеце розніцу?
Цікавыя нечаканасці
Гіда-перакладчыка для Еўрагульняў чамусьці наймаюць усяго за 500 рублёў. Хто, акрамя студэнтаў лінгвістычнага ўніверсітэта, пагодзіцца вазіцца з гасцямі спаборніцтваў за такія грошы? На правядзенне аглядных экскурсій, якія міла назвалі "Культабслугоўванне", выдаткоўваюць 2 тысячы рублёў.
На рэгістрацыю таварных знакаў і абарону інтэлектуальнай уласнасці вылучана 60 тысяч рублёў. А на абарону дзяржаўных сакрэтаў (ёсць і такі тэндар!) выдаткавана ўсяго 233 рублі. Ці то сакрэты не такія ўжо і сакрэтныя, ці то бяспека ў нас танная.