200 тысяч наркаспажыўцоў збіраюцца вылечыць на 70 койках у лякарнях?

Які беларускі наркаспажывец прагне трапіць на афіцыйны дыспансерны ўлік? Потым ён атрымае кляймо на ўсё жыццё — не знойдзе нармальнай працы, не атрымае пасведчання кіроўцы і гэтак далей. На афіцыйным уліку ў нас усяго каля 16 тысяч чалавек.

Еўрарадыё задалося мэтай даведацца пра сапраўдную лічбу.

Для гэтага мы яшчэ летась звярнуліся у Цэнтр маніторынгу наркотыкаў і наркаспажывання, які функцыянуе пры Гродзенскім медуніверсітэце.

Але ўстанова ўпарта адмаўлялася ісці на дыялог. Не далі адказу нават пасля нашай скаргі ў Гродзенскі гарвыканкам. Але сёлета падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню барацьбы з наркотыкамі, вочы ў вочы задаём прафесару Уладзіміру Лялевічу, кіраўніку Цэнтра, пытанне пра сапраўдныя лічбы.

“Каэфіцыент паправачны вагаецца ад 6 да 10, — тлумачыць схему па вылічэнні рэальнай колькасці наркаспажыўцоў Уладзімір Лялевіч. — У розных краінах ён розны. Апошнім часам мае калегі з замежжа раяць памнажаць на сем. Але гэта толькі вывад маіх калег, якія займаюцца гэтым пытаннем. Вось у нас 16 тысяч наркаманаў. Гэту лічбу трэба памнажаць на сем”.

Паводле схемы, якую прапанаваў прафесар Лялевіч, памнажаем 16 “афіцыйных” тысяч на 7 і атрымліваем прыкладна 112 000. Такой колькасцю людзей можна было б засяліць амаль цэлы Пінск. Але і гэтая лічба відавочна нізкая. Да канца 2013-га сюды пераважна заносілі спажыўцоў макавай “шыркі”. Спажыўцоў “дызайнерскіх наркотыкаў” (спайсаў, парашкоў і марак) тут амаль не было. Таму працягваем пошукі сапраўднай лічбы.

Адзін афіцыйны спажывец спайсу за 2012 год

Як ужо ведае ўся краіна, самымі небяспечнымі і папулярнымі псіхатропнымі рэчывамі ў Беларусі сёння з’яўляюцца менавіта “дызайнерскія наркотыкі”. Часта ўсю іх разнастайнасць аб’ядноўваюць адным папулярным словам — “спайсы”. Але такія наркаспажыўцы да нядаўняга часу амаль не траплялі на афіцыйны дыспансерны ўлік. Яны зазвычай не з нізоў грамадства, і выявіць наяўнасць рэчываў новага пакалення ў арганізме няпроста.

“На канец першага квартала гэтага года ў нашым рэгістры фігуруе 570 спажыўцоў “спайсаў”. Прычым 266 асоб былі выяўленыя толькі за першы квартал 2014 года. У 2012 годзе на ўліку быў толькі адзін спажывец”, — пацвярджае прафесар Лялевіч нашы словы пра малую колькасць спажыўцоў “дызайнерскіх наркотыкаў” у межах афіцыйнага ўліку.

570 спажыўцоў — гэта блізу 3,6% ад усяго дыспансерскага ўліку. Малавата для самых папулярных у Беларусі “дызайнерскіх наркотыкаў”.

Напрыканцы 2013 года нашы псіхіятары-нарколагі, якія маюць пастаянную ўрачэбную практыку, і міліцыянеры з наркакантролю сінхронна выказвалі думку, што спажыўцоў “дызайнерскіх наркотыкаў” у Беларусі як мінімум не менш за спажыўцоў макавай шыркі. Хоць даследаванняў на гэты конт у Беларусі не праводзілася.

Скарыстаўшыся назіраннямі прафесіяналаў, да 112 тысяч наркаспажыўцоў, якіх мы вылічылі па схеме прафесара Лялевіча (у асноўным опійных наркаманаў), дадаём такую ж лічбу з тых, каго зацягнулі спайсы. Усяго атрымліваецца прыкладна 224 тысячы чалавек.

Параіўшыся наконт атрыманых лічбаў з аўтарытэтнымі псіхіятрамі-нарколагамі (канкрэтныя прозвішчы спецыялістаў не афішуем), выводзім такую лічбу па беларускіх наркаспажыўцах, каб дакладна не памыліцца: прыкладна 200 тысяч чалавек. Лічба складаецца з нядаўніх спажыўцоў макавай шыркі, якія сёння ў вялікай ступені перайшлі на сінтэтычныя парашкі. А другая палова — іншыя спажыўцы спайсаў, марак ды парашкоў, прыкладную колькасць якіх вызначаем па мінулым годзе.

Прыкладна 200 тысяч чалавек. Такой колькасцю людзей можна амаль цалкам засяліць Бабруйск ці два Салігорскі. І калі нехта са спецыялістаў з ёй не згодны, запрашаем да дыскусіі.

Ці можна рабіць стаўку толькі на жорсткія законы, калі да выканаўцаў ёсць пытанні?

За 10 гадоў колькасць наркаспажыўцоў у Беларусі павялічылася прыкладна ў 2,7 раза. Гэта калі верыць усё таму ж афіцыйнаму дыспансернаму ўліку. Чаму здарыўся такі рост?

У канцы 2004 года да нас пачалі пастаўляць забруджанае насенне маку (так званыя “бубкі”). Пад выглядам маку харчовага. Праз даступнасць і легальнасць колькасць наркаспажыўцоў падскочыла ўжо тады. Да насення маку ў 2009 годзе на наркарынку далучыліся спайсы, маркі і парашкі новага пакалення.

З насеннем маку больш-менш разабраліся ў пачатку 2014 года. А нядаўна стала вядома пра ідэю стварэння антынаркатычнага прэзідэнцкага дэкрэту.

У яго межах будзе ўведзены механізм забароны любога новага наркотыку цягам тыдня. Таксама дэкрэт скіраваны на барацьбу з наркадылерамі і на прафілактыку для тых, хто яшчэ не стаў на шлях наркаманіі.

Але некаторыя жорсткія ініцыятывы, якія могуць трапіць у беларускае заканадаўства, многіх палохаюць. Нагадаем, што на паседжанні з удзелам Аляксандра Лукашэнкі сярод іншага прагучала ідэя ўвесці крымінальную адказнасць у дачыненні да наркаспажыўцоў і стварыць для іх лячэбна-працоўныя прафілакторыі.

То бок мы надаём усім наркотыкам нелегальны статус. Гэта добра і важна. Але што будзе пасля? Дзе лячыць 200-тысячную армію наркаспажыўцоў?

На ўсю краіну ў нас ёсць толькі 70 койка-месцаў у дзяржаўных рэабілітацыйных цэнтрах. 20 з іх — у гродзенскай “Псіхіятрыі і наркалогіі”, 20 — у “Навінках”, 10 — у мінскім гарадскім і 20 — у мінскім абласным псіханеўралагічным дыспансеры. Ім у падмогу можна дадаць непрафесійныя рэлігійныя цэнтры і суполкі ананімных наркаманаў ды ананімных алкаголікаў. Пры гэтым у самых перадавых краінах свету залежнасць ад дызайнерскіх наркотыкаў паспяхова лечыцца ўстрыманнем і псіхатэрапіяй у рэабілітацыйных цэнтрах. Стаўку на пакаранне робяць мала дзе.

Але падобна да таго, што Беларусь збіраецца пайсці шляхам жалезнага кулака. Выходзіць, сапраўдныя лічбы асабліва не агалошваюцца, а змагаемся мы з наркаспажыўцамі, якія памножыліся шмат у чым праз немабільнасць адказных чыноўнікаў. Хапае і пацверджанай інфармацыі пра тое, што да распаўсюджання наркотыкаў маюць дачыненне нават людзі ў пагонах ніжэйшага звяна. Ці можна рабіць стаўку толькі на жорсткія законы, калі да выканаўцаў ёсць пытанні?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі