21-гадовы гвалтаўнік і забойца з Рэчыцы асуджаны на расстрэл
Малады чалавек прызнаны вінаватым у смерці 19-гадовай дзяўчыны.
У Рэчыцы вынеслі прысуд 21-гадовага мясцоваму жыхару, які ў жніўні 2013 года згвалтаваў і жорстка забіў 19-гадовую дзяўчыну. 18 сакавіка судовая калегія па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда на выязным паседжанні прысудзіла яго да вышэйшай меры — расстрэлу.
Паводле следства, абвінавачаны пазнаёміўся з дзяўчынай у дзень забойства. Ён быў нецвярозы і раззлаваўся на дзяўчыну, бо яна адмовіла яму ў сэксе. Ён жорстка збіў яе і згвалтаваў. Пацярпелая памерла ад атрыманых пашкоджанняў. Пасля забойства агрэсар забраў каштоўныя рэчы ахвяры.
Абвінавачаны меў праблемы з міліцыяй з пятага класа, а з 15 гадоў адбываў турэмныя тэрміны за крадзяжы, рабаванні і хуліганства. На моман здзяйснення злачынства ўжо меў тры судзімасці.
У апошнім слове падсудны цалкам прызнаў сваю віну і папрасіў даравання ў маці забітай дзяўчыны, а таксама ў сваёй маці. На судзе ён не стаў даваць паказанні датычна непасрэдна забойства.
Маці забітай заявіла, што задаволеная прысудам.
Гэта першы смяротны прысуд, вынесены ў Беларусі сёлета. Летась у краіне пакаралі смерцю траіх чалавек, нагадвае БелаПАН.