21 год без права апеляцыі — прысуд па справе, якую "раскрыў Лукашэнка"
Вярхоўны суд 11 траўня абвясціў прысуд магілёўцу Юрыю Іванову па справе аб забойстве жыхаркі Магілёва Святланы Паддубскай. Яму прысудзілі 21 год калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд набыў законную моц, абскарджанню не падлягае. З маёмасцi ў Іванова канфіскавалі айфон, піша tut.by.
Пацярпелыя, бацька і сын забітай, на абвяшчэнне прысуду не прыйшлі. Раней яны заявілі маральны пазоў на 600 тысяч рублёў. Суд пастанавіў, што Іваноў мусіць выплаціць пацярпелым 300 тысяч рублёў.
У сваім апошнім слове Іваноў зазначыў: "Няма прылады злачынства, няма матыву (...). Я павінен адкрыць таямніцу, як выйграў першы суд. Я не вінаваты. Вось і ўсё (...). Калі б я быў забойцам, то плакаў бы, валяўся каля ног, прасіў змякчыць пакаранне, але я гэтага не раблю, таму што невінаваты. Святлана была ў секце, гэтая арганізацыя прызнаная экстрэмісцкай. Чаму ніхто не адпрацоўваў гэтую версію? У мяне больш пытанняў, чым адказаў. (...) Высокі суд, прашу мяне апраўдаць".
Справа ў Вярхоўным судзе разглядалася ўжо другі раз. Першы раз, у 2010 годзе, мужчыну апраўдалі за недаказанасцю злачынства, вызвалілі ў зале суда і выплацілі кампенсацыю. Праз 7 гадоў Іванову зноў выставілі абвінавачванне — пасля таго, як у справу ўмяшаўся Аляксандр Лукашэнка, на прыём да якога прыйшоў бацька забітай жанчыны. Тады кіраўнік дзяржавы заявіў, што за суткі вывучыў справу і даручыў знайсці і затрымаць вінаваўцу.
На судзе ў 2018 годзе пракурор Сяргей Гіргель папрасіў суд прысудзіць Іванова да 22 гадоў пазбаўлення волі. А адвакатка Людміла Чэчыкава заявіла, што злачынства не раскрытае дагэтуль і яе падабароннага трэба апраўдаць.
Пацярпелы Леанід Сляпнёў, бацька забітай, прасіў для Іванова смяротнае пакаранне.