“250 чалавек могуць звольніць”: прадпрыемствы пазбавяць льгот з-за ЕўрАзЭС
“Наша прадпрыемства прыбытковае, заробкі па чатыры мільёны ў рабочых, але 250 чалавек могуць застацца на вуліцы”, — расказвае рабочая пастаўскага прадпрыемства “Беліт”, якое ўваходзіць у Свабодную эканамічную зону “Віцебск”.
“У нас 70% супрацоўнікаў — жанчыны, шмат з іх маюць больш за дваіх дзяцей. У Паставах працы мала, калі мы закрыемся, невядома, куды нам ісці”, — дадае рабочая.
На прадпрыемстве займаюцца вытворчасцю рыззя. Сыравіну завозяць з Германіі без аплаты пошліны, перапрацоўваюць на рыззё і прадаюць у Беларусі і Расіі.
Але пасля Новага года такі бізнес можа закрыцца, бо мяняюцца правілы Свабодных эканамічных зон: ўводзяць пошліну на ўвоз тавару з-за мяжы. Такія правілы знаходжання ў Еўразійскім эканамічным саюзе.
“Наша прадпрыемства трапіць пад пошліну на 164%, а цяпер гэта 0%. Сказаць, што мы зможам працаваць у такіх умовах — гэта фантастыка. Трэба шукаць нейкае рашэнне”, — апісваюць праблему ў адміністрацыі “Беліт”.
Цяпер у прадпрыемства замовы на два месяцы наперад, склады пустыя, даўгоў няма.
Віцебская арганізацыя “ВІК” робіць лекі для жывёл, займае прызавыя месцы да міжнародных і беларускіх конкурсах. Тут таксама могуць пацярпець ад змен у свабодных эканамічных зонах.
“Інвестыцыі, якія маглі б пайсці да нас, пойдуць у іншае месца. Ва ўрадзе думаюць, як нам кампенсаваць страты, але ці кампенсуюць”, — разважаюць на прадпрыемстве. І непакояцца, што інвестары і заказчыкі пойдуць да канкурэнтаў, у Расію
Расія таксама ўдзельнік Еўразійскага эканамічнага саюза, і там таксама ёсць асаблівыя эканамічныя зоны, а некаторыя рэзідэнты гэтых зон плацяць мытную пошліну. Але дзяржава субсідуе рэзідэнтаў гэтых зон! То бок грошы на пошліну кампенсуюцца, ці то фінансавай дапамогай, ці то іншымі льготамі.
Як даведалася Еўрарадыё, у Беларусі рыхтуюць новы закон, які закране свабодныя эканамічныя зоны. Але прамой кампенсацыі стратаў ад выплаты мытных пошлін не будзе. Улады абяцаюць толькі прапісаць нейкія механізмы. Што гэта будуць за механізмы, калі іх прымуць і якую выгаду атрымаюць прадпрыемствы-рэзідэнты свабодных эканамічных зон за два месяцы да адмены льгот, невядома.
“Да 1 студзеня закон прымуць дакладна, Свабодныя зоны будуць існаваць да 2050 года”, — малююць будучыню ў адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны “Брэст”.
У Беларусі існуе шэсць свабодных эканамічных зон, там працуюць 419 арганізацый і 124 тысячы чалавек. Апроч льгот на мытныя пошліны, якія хутка адменяць, рэзідэнты гэтых зон вызваляюцца ад зямельнага падатку, маюць зніжкі па падатках на прыбытак.