“35 гадоў працавала, у мяне артрыт і анкалогія, а мяне палічылі дармаедкай”

“35 гадоў працавала, у мяне артрыт і анкалогія, а мяне палічылі дармаедкай”

Для Алы Міхайлаўны Пятровай з Чэрыкава 2015 год выдаўся цяжкім. Цяжкая анкалагічная хвароба, пасля аперацыя, 60 дзён бальнічнага. Нават цяпер, праз год яна не хоча ўзгадваць і тыя пакуты, і тое адчуванне бальнічнай палаты. Цяпер Ала Пятроўна дома, толькі што выйшла на пенсію. Але спакою ўсё адно няма, за той страшны год ёй трэба заплаціць… падатак на дармаедства, 360 рублёў. Прайшла праз лякарні і аперацыю і засталася вінная дзяржаве, бо не працавала.

“Гэта крыўдна і прыніжальна. 35 гадоў плаціла падаткі, унёскі ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Я працавала ў гандлі, таваразнаўца”, ― распавядае Ала Міхайлаўна.

Адны толькі лекі цягнуць на 50 рублёў у месяц. Інваліднасць ёй пакуль не далі, бо атрымаць яе няпроста.

“Даход быў, не галадала, муж утрымліваў. Дык я за часы працы аддала сваё здароўе, артроз трэцяй ступені, анкалогія. Чаму яны гэтага не ўлічваюць і не могуць гэта ацаніць. З балячкамі ўсе інстанцыі прайшла. Падатковая ж можа зрабіць запыт у Мінздароўя. А я сама хадзіла па лекарах, прасіла іх. Чаму апошняе здароўе мушу траціць на гэтыя паперы?” ― дадае Ала Міхайлаўна.

Камісія Чэрыкаўскага райвыканкама не знаходзіць дастатковых падставаў, каб вызваліць яе ад падатку на дармаедства. Каб зрабіць такую выснову, камісія вывучала нават… даходы мужа.

“Па дэкрэце, бальнічны мусіць быць не менш за 180 дзён, каб вызваліць ад збору. Іншых дадаткаў да дэкрэта няма, ёсць толькі наконт спартсменаў, грамадзян, якія знаходзяцца ў ЛТП і нарказалежных. Таксама, калі ёсць інваліднасць, чалавека вызваляюць”, ― расказвае Еўрарадыё член камісіі райвыканкама. Атрымліваецца, грошы ёсць ― плаці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі