38 краін АБСЕ перазапусцілі Маскоўскі механізм у дачыненні да Беларусі

АБСЕ / twitter.com/tannef
АБСЕ / twitter.com/tannef

38 краін-удзельніц АБСЕ 23 сакавіка запусцілі Маскоўскі механізм для вывучэння "пагроз выкананню палажэнняў чалавечага вымярэння, якія ствараюцца парушэннямі і злоўжываннямі правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь".

Папярэдні раз гэты механізм адносна Беларусі быў задзейнічаны ў 2020 годзе.

Спасылаючыся на даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, краіны АБСЕ заяўляюць, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца.

У дакуменце таксама згадваецца, што Беларусь атрымала шэраг рэкамендацый па выніках дакладу ў рамках Маскоўскага механізму, запушчанага ў 2020 годзе. Аднак з таго часу афіцыйны Мінск не разгледзеў выстаўленыя абвінавачванні і проста праігнараваў рэкамендацыі. Сітуацыя ў Беларусі нават стала пагаршацца, у тым ліку ў сувязі з дапамогай, якую аказваюць беларускія ўлады ў вайне Расіі супраць Украіны.

У заяве пералічваюцца такія праблемы з правамі чалавека ў Беларусі, як:

— больш за 1500 палітвязняў;
— незаконныя затрыманні і арышты праваабаронцаў, прадстаўнікоў апазіцыі, журналістаў, юрыстаў, актывістаў;
— прызнанне арганізацый экстрэмісцкімі і ліквідацыя амаль усіх незалежных НДА;
— адсутнасць справядлівых судоў, у тым ліку ўжыванне законаў "задняй датай", завочныя суды;
— катаванні і жорсткае стаўленне;
— ліквідацыя незалежных прафсаюзаў;
— спробы задушыць незалежныя СМІ, абмежаванні на доступ да інфармацыі;
— пашырэнне прымянення смяротнага пакарання.

"З мэтай спрыяння бягучым і любым будучым намаганням па прыцягненні да адказнасці за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку з боку грамадзянскай супольнасці і Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, мы заклікаем місію экспертаў выявіць факты і паведаміць пра іх, а таксама паведаміць Рэспубліцы Беларусь, АБСЕ і міжнароднай супольнасці пра магчымае развязанне пастаўленых пытанняў", — адзначаецца ў заяве.

"Маскоўскі механізм" АБСЕ прадугледжвае стварэнне місій экспертаў або дакладчыкаў для працы з становішчам з чалавечым вымярэннем ў пэўнай краіне. 
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі