"50 з 60 ложкаў занятыя": як "раёнкі" прагаворваюцца пра COVID-19

Дактары ў райцэнтры падчас пандэміі COVID-19 / "Родная ніва"
Дактары ў райцэнтры падчас пандэміі COVID-19 / "Родная ніва"

Афіцыйна ў Беларусі зарэгістравана крыху больш за 100 тысяч выпадкаў каранавіруснай інфекцыі. Па статыстыцы Мінздароўя, на 5 лістапада вядома пра 14 164 хворых на COVID-19.

Дзе жывуць гэтыя людзі? Статыстыку па рэгіёнах Мінздароўя апошні раз публікавала ў канцы красавіка. Беларусы могуць здагадвацца пра сітуацыю ў сваіх раёнах і гарадах толькі па ўскосных сведчаннях. І ў гэтым ім на дапамогу нечакана прыходзяць раённыя газеты.

Сітуацыя сур'ёзная, але без канкрэтыкі

Газета Шклоўскага раёна "Ударны фронт" статыстыку па каранавірусе не публікуе. Пры гэтым 3 лістапада яна паведамляе, што за адзін дзень у раённую бальніцу звярнуліся 90 чалавек з прыкметамі інфекцыйных захворванняў. Праз гэта было вырашана прымаць такіх пацыентаў без выхадных, а колькасць "профільных" дактароў павялічыць да чатырох.

Дакладных лічбаў не прыводзіць і "Наш час" (Ваўкавыск), але пры гэтым у газеце выйшлі рэкамендацыі галоўнага санітарнага доктара раёна. У тэксце канстатуюць, што на тэрыторыі раёна "рэгіструецца рост інфікавання COVID-19, што супадае з сезонным уздымам захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі і грып".

"Лідская газета" не радавала чытачоў ужо ў сярэдзіне кастрычніка: "Другая хваля COVID-19, на жаль, аказалася не менш сур'ёзнай: адзначаецца павелічэнне колькасці пацыентаў, у якіх інфекцыя мае больш цяжкае праходжанне, колькасць кіслародазалежных формаў павялічылася".

Лідскі тэлеканал у канцы кастрычніка паведаміў пра амаль 300 пацыентаў з пнеўманіямі ў мясцовай бальніцы. Але ў колькіх з іх запаленне лёгкіх звязана з каранавірусам, не ўдакладнялася.

Смаргонская газета "Светлы шлях" яшчэ ў верасні паведамляла, што інфекцыйных ложкаў не хапае, таму перапрафілюецца дадатковае аддзяленне.

"50 з 60 ложкаў занятыя"

Канкрэтныя лічбы ў раённых газетах называюць рэдка. Адно з выключэнняў — "Добрушскі край": "У цяперашні час прыпынены планавыя шпіталізацыі. У тэрапеўтычным аддзяленні стацыянара для лячэння пацыентаў з COVID-19 прадугледжана 60 ложкаў. Цяпер 50 з іх занятыя. У раённую бальніцу шпіталізуюцца пацыенты з сярэдняй формай цяжкасці пнеўманіі. "Цяжкіх" накіроўваем у абласны цэнтр",паведамляла газета ў другой палове кастрычніка.

"Веснік Глыбоччыны", на здзіўленне, статыстыку выдае больш-менш рэгулярна. Дзякуючы газеце вядома, што ў раёне на канец кастрычніка было 102 інфікаваныя каранавірусам, у траціны з іх — пнеўманія.

У сярэдзіне кастрычніка "Дзвінская праўда" паведамляла пра 81 хворага на каранавірус у Верхнядзвінскім раёне. Больш актуальных звестак няма.

У Клімавіцкім раёне ў канцы кастрычніка на каранавірусную інфекцыю пакутавала 110 чалавек: шпіталізавана было 29 пацыентаў, яшчэ 81 праходзіў лячэнне амбулаторна. Сярод хворых былі і медработнікі, паведамляла газета "Родная ніва". Пры гэтым у бальніцы ёсць ўсяго 40 ложка-месцаў, дзе могуць лячыцца пацыенты з каранавіруснай інфекцыяй, і ўсяго 5 апаратаў ШВЛ.

У Ельскім раёне, калі верыць газеце "Народны голас", сітуацыя нядрэнная: на канец кастрычніка хварэлі 30 чалавек, з іх толькі сямёра — у бальніцы.

Нічога не скажам, але будзьце асцярожныя

У пераважнай большасці выпадкаў раённыя газеты лічбаў па захваральнасці ў сваіх рэгіёнах не называюць. Часам выходзяць інтэрв'ю з мясцовымі чыноўнікамі і інфекцыяністамі, сутнасць якіх можна звесці да "ўсё пад кантролем".

Пры гэтым тэму COVID-19 газеты не ігнаруюць. Усе яны перадрукоўваюць паведамленні БЕЛТА па захваральнасці ў краіне, рэгулярна пішуць пра меры прафілактыкі і тое, як паводзіць сябе хворым або кантактам першага ўзроўню. Праўда, побач са сцвярджэннямі пра цалкам кантраляваную сітуацыю заклікі да надзвычайнай акуратнасці і абачлівасці здаюцца не да канца аргументаванымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі