52600 подпісаў за забарону ЛГБТ-прапаганды: абарона ці распальванне?
Разгон гей-парада ў Мінску / kpax.livejournal.com
52 тысячы 600 подпісаў пакінулі беларусы пад калектыўным зваротам да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай "ініцыяваць прыняцце закона аб забароне прапаганды і публічнай дэманстрацыі гомасэксуалізму і іншых палавых вычварэнняў непаўналетнім". Пра гэта аўтары дакумента — дырэктар дабрачыннага фонду "Адкрытыя сэрцы" Уладзіслаў Валаховіч, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, протаіерэй Андрэй Лемяшонак — распавялі на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Імкненне "захаваць традыцыйныя каштоўнасці" аб'яднала пралайфераў, праваслаўную і каталіцкую цэрквы. Пад "традыцыйнымі каштоўнасцямі" разумеюцца цнатлівасць да шлюбу, шлюбная вернасць, шматдзетнасць, адкрытасць да нараджэння кожнага дзіцяці. Таксама ініцыятары звароту дамагаюцца ўвядзення крымінальнай адказнасці для людзей, якія "прапагандуюць" ЛГБТ у Беларусі.
Пад прапаганду, у разуменні аўтараў звароту, трапляюць і ЛГБТ-сцяг на будынку брытанскай амбасады, і фестываль квір-культуры "Dotyk", і семінары па гендэрнай роўнасці, і проста выпадак на адной з выстаў, "калі ў адным памяшканні быў дзіцячы тэатр і праходзіў выступ адкрытага гея".
Як менавіта трэба караць "прапагандыстаў"?
Гэтае пытанне цікавіла журналістаў больш за ўсё. Адказу падчас прэс-канферэнцыі мы не атрымалі. Калі коратка, то пазіцыя такая: няхай спачатку ініцыятыва будзе падтрымана на дзяржаўным узроўні, а пакаранне потым вызначаць спецыялісты. "Мы не кажам пра вяртанне артыкула пра мужаложніцтва. Мы гаворым пра разбэшчванне нашых дзяцей прапагандай гомасэксуалізму", — удакладняе Уладзіслаў Валаховіч.
Сярод праваслаўных няма адзінства з нагоды звароту
Адным з асноўных рухавікоў звароту стала Беларуская праваслаўная царква. У канцы 2019 года вернікі звярнулі ўвагу, што подпісы за забарону "прапаганды і публічнай дэманстрацыі гомасэксуалізму і іншых палавых вычварэнняў непаўналетнім" сталі збіраць проста ў царкоўных лаўках. Аднак у БПЦ няма адзінства з нагоды зместу дакумента.
Протаіерэй, старшыня Сінадальнай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства Павел Сярдзюк, які прысутнічаў на прэс-канферэнцыі, незадаволены тым, што за прапаганду ЛГБТ прапануюць увесці крымінальную адказнасць. Каб растлумачыць сваю пазіцыю, ён затрымаў на выхадзе з гасцініцы "Славянская", дзе праходзіла прэс-канферэнцыя, журналістаў Еўрарадыё і БелаПАН.
Сярдзюк распавядае, што збор подпісаў пад зваротам з боку праваслаўнай царквы — гэта ініцыятыва Свята-Елісавецінскага манастыра і яго духоўніка Андрэя Лемяшонка. "Ні я, ні мая жонка, ні мае прыхаджане не падпісваліся пад гэтым зваротам", — кажа святар.
На думку Паўла Сердзюка, "увядзенне абзаца датычна крымінальнага пераследу — гэта, несумненна, дыскрымінацыйны складнік". Арганізоўваць збор подпісаў пад такім "больш чым дзіўна".
"Я бачу глыбокую небяспеку ў такога роду зваротах, — кажа Сярдзюк. — Не маючы пераканаўчасці па сваім стылі жыцця, мы звяртаемся да інструментаў дзяржавы. Ганімай не так даўно, у ХХ стагоддзі, супольнасці ні ў якім разе нельга ператварацца ў ганіцеляў, паколькі сітуацыя можа павярнуцца супраць нас".
Палітыка ці не палітыка?
Айцец Павел лічыць, што ў беларускім грамадстве да гэтага часу не навучыліся дыскутаваць на тонкія тэмы.
"Я асабіста супраць крымінальнай адказнасці, — кажа ён. — Пазіцыя царквы накіравана на тых, хто ўсведамляе сябе членамі царквы. Патрабаваць чаго-небудзь ад грамадства можна, толькі улічваючы законы жыцця гэтага грамадства.
Зварот да кіраўніка Беларусі ў дадзеным выпадку — гэта правакатыўнымі крок, які прывядзе не да тых вынікаў, якія меркаваліся. Можна колькі заўгодна казаць пра тое, што мы не займаемся палітыкай, але сённяшняя прэс-канферэнцыя, акцыя ў цэлым — гэта палітычны крок".
Праўда, у дырэктара "Адкрытага сэрца" Уладзіслава Валаховіча на гэты конт сваё меркаванне.
"Мы не гулялі ў палітыку. Мы гэтай ініцыятывай абараняем дзяцей. Ставім мяжу, праз якую ісці нельга", — кажа ён.
Пазіцыя ЛГБТ-супольнасці: Хопіць будаваць сцяну паміж людзьмі
Увечары 9 сакавіка праект аб гендары і сэксуальнасці MAKEOUT апублікаваў эмацыйны тэкст — рэакцыю на гэтую прэс-канферэнцыю. У ім прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці кажуць аб ганеннях і страху, з якімі сутыкаюцца ў беларускім грамадстве.
"Нам кажуць: "Беларусы падзяляюць нашу ініцыятыву". Мы таксама беларусы, мы плацім падаткі, вучымся і працуем у гэтай краіне. Мы дочкі і сыны, суседзі і калегі.
Нам кажуць, што подпісы ставілі праваслаўныя і каталікі. Мы таксама вернікі. Мы ходзім у цэрквы і касцёлы. Хопіць рабіць выгляд, што ЛГБТ-прыхаджан не існуе", — сказана ў гэтым тэксце.
Яго аўтары звяртаюць увагу, што 50 тысяч подпісаў — гэта шмат, але калі ЛГБТ-людзей менш, іх існаванне нельга адмаўляць і пра іх нельга казаць як пра "людзей другога гатунку". Яны заклікаюць праціўнікаў ЛГБТ перастаць будаваць сцены паміж людзьмі і распальваць нянавісць, грамадзянскую і праваабарончую супольнасці Беларусі — адрэагаваць на дыскрымінацыю, а ўрад — прыняць антыдыскрымінацыйны закон, які абароніць правы ўсіх грамадзян без выключэння.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.