58 чалавек пераначавалі ў мінскай начлежцы з нядзелі на панядзелак
Раніцай у панядзелак, 26 лютага, у Мінску было -20, а ў ноч на аўторак прагназуецца да -22. У такія маразы больш за ўсё не шанцуе людзям без пастаяннага месца жыхарства.
Дырэктар мінскага “Дома начнога знаходжання” Павел Залатухін распавядае Еўрарадыё, што ў ноч з нядзелі на панядзелак у “начлежцы” пераначавалі 58 чалавек.
У начлежку людзей ці прывозяць на спецыяльным мікрааўтобусе, які ездзіць па Мінску ў халодную пару года, ці яны прыходзяць туды самі.
Мікрааўтобус збірае бяздомных ў рамках акцыі “Сацыяльны патруль”. У мабільную брыгаду ўваходзяць медык, сацыяльны супрацоўнік і праваахоўнікі.
Калі на гарачую лінію прыходзіць паведамленне, што камусьці з бяздомных у нейкім раёне патрэбная дапамога, то аўтамабіль выязджае да яго з цёплымі рэчамі і гарачай ежай. Супрацоўнікі могуць адвезці чалавека ў “начлежку” ці Свята-Елісавецінскі манастыр.
За акцыю адказвае камітэт па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва Мінгарвыканкама, а абслугоўваюць такі аўтамабіль упраўленні сацыяльнай абароны раёнаў Мінска — па 10 дзён кожнае.
У Чырвоным Крыжы распавядаюць, што падчас маразоў у кожнай раённай арганізацыі дзейнічаюць пункты абагрэву.
“Туды можа звярнуцца любы грамадзянін, асабліва без пастаяннага месца жыхарства, атрымаць цёплыя рэчы, гарачую ежу, адагрэцца”, — кажуць у Чырвоным Крыжы.
Найбліжэйшая ноч чакаецца самай халоднай у гэтым годзе — па ўсёй краіне слупок тэрмометра апусціцца да -29.