7 пытанняў пра расійскія бамбардзіроўкі Сірыі, якія вы баяліся задаць
Бамбардзіроўка расійскай авіяцыяй сірыйскіх гарадоў выклікала вялікі рэзананс сярод беларусаў. Сацыяльныя сеткі, а таксама кухні звычайных жыхароў напоўніліся шэрагам пытанняў, на якія дагэтуль не знойдзена грунтоўных адказаў.
Еўрарадыё сабрала гэтыя пытанні і задала экспертам розных сфер.
1. Навошта Расія пачала бамбардзіроўкі Сірыі?
Адказвае дэкан факультэта Дадатковай адукацыі БДУКіМ, кандыдат палітычных навук Аляксандр Філіпаў:
“Расія хоча максімальна абараніць сваю вайсковую прысутнасць у Сірыі, з улікам таго, што рэжым Асада паслабляецца. Па магчымасці замацаваць пункт увахода праз лаяльныя ў дачыненні да яе палітычныя групоўкі ў краіне. І выкарыстаць гэтую сітуацыю для размарозкі сваіх адносінаў з Захадам. Што, дарэчы, адбываецца даволі хутка”.
2. Ці стане расійская бамбардзіроўка ў Сірыі пачаткам ІІІ сусветнай? Ці можа гэты канфлікт стаць прычынай вайны Расіі з ЗША, калі, напрыклад, расійскі самалёт выпадкова падаб’е амерыканскі?
Адказвае палітычны аналітык, кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў (Мінск) Арсеній Сівіцкі:
“На маю думку, пакуль рызыка пераўтварэння сірыйскага крызісу ў ІІІ сусветную адсутнічае. Буйныя дзяржавы (ЗША, Расія, краіны ЕС), якія цяпер таксама спрабуюць уплываць на сірыйскі канфлікт, будуць пазбягаць уступлення ў прамую ваенную канфрантацыю паміж сабой. Пра гэта сведчаць некалькі ўскосных прыкмет, напрыклад стварэнне спецыяльных механізмаў кансультацый паміж імі.
Мяркую, што ў выпадку калі расійскі самалёт выпадкова падаб’е амерыканскі, прычынай вайны гэта не стане. Калі такое адбудзецца, гэта будзе разглядацца, як асобны інцыдэнт. У такім выпадку ЗША, магчыма, працягнуць дыпламатычны ціск. Ці будзе паляпшаць баяздольнасць амерыканскіх войскаў не толькі на Блізкім Усходзе, але і ва Усходняй Еўропе, дзе амерыканскія вайскоўцы непасрэдна сутыкаюцца са сваімі расійскімі калегамі”.
3. Ці стане гэты канфлікт "другім Афганістанам"? Ці можа ён прывесці да развалу Расіі?
Адказвае палітолаг Андрэй Елісееў:
“Мяркую, што расійскае кіраўніцтва цудоўна вывучыла ўрок Афганістана і вялікую наземную аперацыю яны праводзіць не будуць. Тое, што адбываецца — гэта абмежаваная паветраная кампанія. І гэта значыць, што тут нельга весці гаворку пра другі Афганістан і развал Расіі”.
4. Як паўплывае ўдзел Расіі ў канфлікце на кошт нафты?
Адказвае Андрэй Елісееў:
“Я думаю, гэта не паўплывае на кошт нафты. Бо Сірыя не з’яўляецца буйной краінай-экспарцёрам”.
5. Ці пацерпіць расійская эканоміка ад таго, што яе сілы знаходзяцца ў Сірыі? І ці паўплывае гэта на беларускую эканоміку?
Адказвае Аляксандр Філіпаў:
"На маю думку, Расія не будзе ўкладаць надта вялікія грошы ў сірыйскі канфлікт. Вядома, вядзенне ваенных дзеянняў патрабуе дадатковых выдаткаў, якіх Расіі варта было б пазбегнуць у цяперашняй сітуацыі. Але наўрад ці гэта неяк значна паўплывае на яе эканоміку ў параўнанні з іншымі больш значнымі фактарамі.
А вось на беларускую эканоміку гэта можа паўплываць нават станоўча. За кошт актыўнага супрацоўніцтва нашай краіны з расійскім ваенна прамысловым комплексам, мы можам таксама атрымаць які-небудзь кантракт. Таму што ўжо ёсць досвед паставак расійскага ўзбраення ў Ірак пад відам беларускага ўзбраення і ўдзелу беларускага ваенна-прамысловага комплексу ў гэтых заказах".
Адказвае Андрэй Елісееў:
"Калі адносіны паміж Расіяй і Захадам будуць пагаршацца, напрыклад, калі выявіцца, што Расія мэтанакіравана наносіць удары па паўстанцах, якіх падтрымлівае Захад, тады ёсць магчымасць, што будуць уводзіцца больш маштабныя фінансавыя санкцыі ў дачыненні да Расіі. У такім выпадку ёсць шанец пагаршэння і эканамічнай сітуацыі ў Беларусі".
6. Ці прывядзе расійская аперацыя ў Сірыі да павелічэння пагрозы тэрактаў у Расіі.
Адказвае Арсеній Сівіцкі:
“Калі Расія сапраўды будзе ўступаць у баі з Ісламскай Дзяржавай, тады існуе рызыка, што гэтая арганізацыя пачне шырокамаштабную тэрарыстычную вайну супраць Расіі. Тым больш, што ў шэрагах баевікоў цяпер знаходзяцца, каля 5 тысяч выхадцаў з постсавецкай прасторы, у тым ліку, каля 2-2,5 тысяч непасрэдна з Расіі. І гэта рызыка для расійскай нацыянальнай бяспекі”.
7. Ці магчымы ўдзел нашых беларускіх вайскоўцаў (лётчыкаў) у сірыйскай кампаніі? Мы ж у АДКБ.
Адказвае Андрэй Елісееў:
“Надзвычай малаверагодна і нават немагчыма. Расія цяпер дапамагае Асаду ў межах двухбаковага пагаднення. АДКБ — гэта дамова іншага характару. Гэта рэгіянальная структура, краіны якой мусяць дапамагаць адна адной у выпадку агрэсіі”.
Галоўнае фота: AFP/M.Taha