ААН вырашыць, ці склікаць трыбунал па справе аб збітым “Боінгу”
Расія выступае супраць такога разбіральніцтва.
ААН сёння прыме рашэнне аб трыбунале па справе аб збітым малазійскім “Боінгу”. Савет Бяспекі арганізацыі прагаласуе па адпаведнай рэзалюцыі. Чакаецца, што галасаванне адбудзецца з другой палове дня.
Праект дакумента быў прапанаваны Малайзіяй і падтрыманы Нідэрландамі, Бельгіяй, Аўстраліяй і Украінай. Раней расійскія ўлады раскрытыкавалі намер заснаваць трыбунал па расследаванні абставінаў крушэння “Боінга”. У размове з прэм'ер-міністрам Нідэрландаў Маркам Рутэ 16 ліпеня прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін назваў такія прапановы заўчаснымі і контрпрадуктыўнымі.
Расія як сталы чалец Савета Бяспекі ААН мае права вета на любыя рашэнні ў рамках органа.
Самалёт Boeing 777 авіякампаніі Malaysia Airlines, які рухаўся рэйсам MH17 з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, разбіўся ў Данецкай вобласці Украіны 17 ліпеня мінулага года. Загінулі ўсе, хто быў на борце, — 298 чалавек.
Украінскія ўлады ўскладаюць адказнасць за гэты інцыдэнт на сепаратыстаў, якія акупавалі частку Данецкай вобласці. Расія і прадстаўнікі сепаратыстаў у сваю чаргу абвінавачваюць у здарэнні Украіну.
Фота: REUTERS