Абласныя арганізацыі АГП і ЛДПБ дамовіліся аб супрацы на Міншчыне
Дамову падпісалі Аляксандр Ваўчанін ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі і Аляксандр Піліпчук ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі.
Дамова датычыць супрацы ў сацыяльных сферах — моладзевая палітыка, культура, адукацыя, навука, спорт і турызм.
У каментары Еўрарадыё Аляксандр Ваўчанін патлумачыў, што лічыць неабходным супрацоўнічаць у гэтых сферах з усімі — нават з уладамі.
Ваўчанін: "Чаго нам баяцца? Мы зарэгістраваная партыя, і я хачу, каб пра гэта ведала, напрыклад, і кіраўніцтва Мінскай вобласці. Я ўжо наведаў Мінскі аблвыканкам — размаўляў і з начальнікам галоўнага ўпраўлення кадравай работы, і намеснікам начальніка ідэалагічнага ўпраўлення. Я ім сказаў: давайце будзем працаваць".
Па словах Ваўчаніна, чыноўнікі паставіліся да яго ініцыятывы стрымана. Хаця сам палітык кажа, што мае досвед супрацы з уладай, бо 8 гадоў быў дэпутатам Жодзінскага гарсавета.
Таксама стрымана, кажа актывіст, да яго дамовы з ЛДПБ паставіўся і кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Дарэчы, ініцыятыва Ваўчаніна не абмяжоўваецца кантактамі з ЛДПБ і чыноўнікамі аблвыканкама. Па яго словах, зараз кіраўнікі абласных арганізацый апазіцыйных партыяў хочуць адрадзіць былую міжпартыйную кааліцыю для больш плённай дзейнасці.
Фота — svaboda.org