Абмен палітвязняў на ваеннапалонных. Ці спрацуе прапанова Пазняка?

Рукі палітвязня Алеся Бяляцкага ў судзе / sb.by

Рукі палітвязня Алеся Бяляцкага ў судзе / sb.by

Прапанова Зянона Пазняка абмяняць беларускіх палітзняволеных на ваеннапалонных беларусаў, якія ваявалі на баку Расіі, не спрацуе. Бо ні Аляксандр Лукашэнка, ні Уладзімір Зяленскі на гэта не пойдуць, лічыць дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі, эксперт iSANS Яўген Магда.

Чаму такой здзелкі не атрымаецца, абмеркавалі ў эфіры Еўрарадыё. Сабралі для вас самае цікавае са стрыму.

Дык ці магчымы ўвогуле абмен ваеннапалонных на палітвязняў, калі глядзець з прававога пункту гледжання?

Мы жывём у час, калі нормы міжнароднага права тлумачацца па-рознаму рознымі краінамі, — кажа Яўген Магда. — Паміж Расіяй і Украінай прайшло некалькі дзясяткаў абменаў, і тэхнічна яны здзяйсняліся праз тэрыторыю Беларусі. І здзяйсняюцца.

Але абменьваць вязняў [палітычных. — Еўрарадыё] — гэта нагадвае часы застою, калі савецкіх дысідэнтаў на Карвалана абмянялі і гэтак далей [у 1976 годзе СССР і Чылі дамовіліся аб абмене генсека чылійскай кампартыіі Луіса Карвалана на савецкага палітзняволенага Уладзіміра Букоўскага. — Еўрарадыё]. Але гэтая прапанова олдскульная. Гэта для тых, хто памятае. Лукашэнка, напрыклад, памятае. А Зяленскі — я не ўпэўнены, што ён памятае. Што ў яго камандзе нехта памятае, я таксама не ўпэўнены, на жаль.

Тут можна папляскаць арыгінальнасці мыслення Пазняка, але я б не сказаў, што гэта неяк можа спрацаваць.

Зянон Пазняк падкрэсліў, што гэта неабходны крок — трэба “кінуць мяч” Лукашэнку, каб адарваць яго ад Пуціна. Але ці гатовыя да гэтага Украіна і Захад, каб выратаваць палітвязняў?

Калі б Зянон Пазняк прапанаваў гэта, знаходзячыся ва Украіне, то, думаю, што ён, як кажуць у Адэсе, “меў бы, што слухаць”. Не думаю, што “кінуць мяч” Лукашэнку — гэта прымальная і на Захадзе, і для Украіны сітуацыя пасля таго, як ён расказвае ўсім, што ён адзіны саюзнік Расіі, “жыццё за цара” і гэтак далей. Я далёка не перакананы, што гэта адэкватны варыянт, — заключае Яўген Магда.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі