Аб’яднанне “Авангард”: Графіці ў сталіцы будзем узгадняць з уладамі
Актывіст МГА “Авангард” распавядае, як атрымаў дазвол ад Мінгарвыканкама, каб маляваць графіці не хаваючыся.
Цалкам размову з Маратам Абрамоўскім можна паслухаць тут:120327 AbramouskiS.mp3
Еўрарадыё: Як у вас атрымалася прабіцца да Мінгарвыканкама, пераканаць іх, што графіці можа ўпрыгожваць горад?
Марат Абрамоўскі: Я б не казаў, што мы настойвалі, прабіваліся, пераконвалі. Нам проста вельмі пашанцавала. Мы зыходзілі з таго, што Мінск лічыцца чыстым горадам, але ў той жа час усе прызнаюць, што ён шараваты. Мы думалі, як дадаць яму фарбаў, і нашая ўвага сканцэнтравалася на сметніцах. Мы распрацавалі праект нанясення графіці на сметніцы і з гэтай прапановай выйшлі да Мінгарвыканкама. І так атрымалася, што літаральна за некалькі дзён да гэтага ўлады горада абвясцілі вайну графіцістам, бо насамрэч вельмі вялікія страты для горада, калі графіці наносяцца ў неадпаведным месцы. Пачаўся дыялог, і мы вызначылі каля 120 аб’ектаў у Мінску, на якія можна было б і нават трэба было б нанесці графіці. Вось паціху і распачынаем працу.
Еўрарадыё: У Растове-на-Доне таксама графіцістам дазволілі размаляваць дамы гістарычнымі сюжэтамі і нават кампенсавалі выдаткі на фарбу. Ці плануе Мінгарвыканкам дапамагчы вам фінансава?
Марат Абрамоўскі: Фінансавае пытанне заўсёды самае складанае. Зразумела, мы разлічваем на тое, што гэта будзе доўгатэрміновы праект, што мы будзем атрымліваць нейкія грошы хаця б на фарбу. Але на сённяшні дзень сітуацыя такая, што мы самастойна будзем шукаць спонсараў ці будзем прыносіць сваю фарбу. Мы прымаем любую дапамогу. У кожным разе канчатковая ідэя — стварэнне каманд графіцістаў, якія рэгулярна, напрыклад раз на месяц, размалёўвалі б неабходныя аб’екты ў Мінску.
Еўрарадыё: Ці павінны вы зацвярджаць эскізы графіці?
Марат Абрамоўскі: Мы вольныя ў выбары, але вы ж самі разумееце, што гэта аблічча горада. Таму ў нас дамоўленасць, што мы папярэдне будзем узгадняць эскізы з уладамі і прыходзіць да кансэнсусу. У пятніцу адбудзецца першы сход удзельнікаў, мы дадзім устаноўку распрацаваць па 2-3 эскізы на кожны аб’ект. З гэтымі эскізамі мы пойдзем у Мінгарвыканкам і будзем там зацвярджаць. Але ў кожным разе галоўнае — ідэя, што гэта не павінна быць агрэсіўным графіці, гэта павінна быць штосьці моладзевае, крэатыўнае, да таго ж мы хочам яшчэ і ўлічваць узрост жыхароў раёна, дзе знаходзіцца аб’ект. Людзі старэйшага ўзросту не зразумеюць спайдэрмэнаў і бэтмэнаў, тут павінна быць штосьці больш адпаведнае.
Еўрарадыё: Якой увогуле можа быць тэматыка такіх графіці?
Марат Абрамоўскі: Мы зыходзім з таго, што кожны графіціст — гэта мастак, а ў кожнага мастака сваё бачанне. За камандай мы замацоўваем аб’ект і ўжо яны абмяркоўваюць, што там магло б быць. Гэта можа быць элемент гісторыі ці мульцік — усё, што заўгодна. Вельмі важна ў прынцыпе ў палітыцы “Авангарда” — развіццё саміх удзельнікаў, на гэта мы і арыентуемся. Важна тое, як самі ўдзельнікі гэта бачаць. На наступным тыдні ў нас ужо будуць эскізы, тады мы зможам сказаць больш канкрэтна, дзе і што мы прапануем.
Еўрарадыё: Зараз у вас 12 удзельнікаў?
Марат Абрамоўскі: Так. Вы самі разумееце, што гэта пілотны праект і ў нас няма інфармацыйных рэсурсаў, каб ахапіць усіх графіцістаў ці жадаючых.
Еўрарадыё: А як вы абіраеце ўдзельнікаў?
Марат Абрамоўскі: На першым этапе галоўнае — гэта жаданне. Жадаючыя далучаюцца да каманды і робяць эскізы. Потым, па выніках эскізаў, ужо можна гаварыць пра нейкае бачанне, талент, здольнасці.
Еўрарадыё: І калі вы стартуеце?
Марат Абрамоўскі: Мы плануем стартаваць у другую суботу красавіка. Графіці будуць наносіцца ў суботы, мы разлічваем, што гэта будзе другая-трэцяя субота месяца. Паглядзім, як будзе рухацца працэс, колькі будзе сыходзіць рэсурсаў, які аб’ём фарбы, колькасць часу на працу. Гэта ўсё дастаткова складана, трэба шмат пралічваць, таму мы і імкнемся да фармавання камандаў, каб спецыялісты маглі нас кансультаваць.
Еўрарадыё: Ці будуць вашыя графіці неяк пазначаныя, напрыклад “дазволена Мінгарвыканкамам”?
Марат Абрамоўскі: Добрая ідэя. Але я думаю, ў гэтым не будзе неабходнасці. Галоўнае — не хто гэта зрабіў, а як гэта зліваецца з краявідам горада, як гэта выглядае і якія эмоцыі гэта нясе.
Фота з сайта http://www.websmi.by