Ад "Барбі" да ядзернай бомбы: самыя чаканыя фільмы гэтага лета

Калі б гераіня "Барбі" была ў "Опенгеймеры" / Еврорадио/Midjournej 
Калі б гераіня "Барбі" была ў "Опенгеймеры" / Еврорадио/Midjournej 

Нягледзячы на сыход асноўных кінакампаній з беларускага і расійскага рынкаў, кінатэатры працягваюць паказваць навінкі (хоць і "па-шэраму"), ды і пірацкія сайты працягваюць працаваць. Якіх фільмаў чакаюць гэтым летам ва ўсім свеце? Еўрарадыё паглядзела рэйтынгі найбольш папулярных стужак, прэм'еры якіх пройдуць у бліжэйшыя месяцы — захоўвайце і рыхтуйцеся да прагляду.

 

"Чалавек-павук: Павуцінне сусветаў"

Працяг мультфільма 2018-га "Чалавек-павук: Скрозь сусветы", уганараванага прэміямі "Оскар", "Залаты глобус" і BAFTA. Паводле сюжэту, тут галоўны герой, Майкл Маралес, працягвае падарожнічаць скрозь сусветы і сустракацца з іншымі версіямі людзей-павукоў. Але праз новую пагрозу яму даводзіцца супрацьстаяць "калегам" у выбары сродкаў змагання з апанентам.

Як і папярэдні мультфільм, "Чалавек-павук: Павуцінне сусветаў" можа быць цікавы і, галоўнае, зразумелы не толькі фанатам Marvel, якія апошнімі гадамі занадта ускладнілі свае фільмы. Плюс: гэта не банальнае кіно пра супергерояў, тут ёсць шырокае поле для эксперыменту — і візуальнага, і драматургічнага. Таму чаканні да анімацыі высокія. У сусветным пракаце — ужо з другога чэрвеня.

"Горад астэроідаў"

Ідзе 1955 год, у невялікім выдуманым мястэчку збіраюцца юныя астраномы і іх сем'і, але тут адбываецца нешта, што здольна змяніць увесь свет. Менавіта так гучыць сінопсіс новага фільма рэжысёра Уэса Андэрсана ("Гатэль Гранд-Будапешт", "Востраў сабак"), які нядаўна прадставілі на Канскім кінафестывалі. Там жа яго, дарэчы, высока ацанілі, хоць узнагарод фільм і не атрымаў.

Крытыкі адзначаюць яркі акцёрскі ансамбль, рэжысёрскі стыль і цікавую гісторыю фільма — яго называюць "вяртаннем таго самага Андэрсана". Што ж, гэта ўжо добрая нагода паглядзець стужку, нават калі вы не знаёмыя з творчасцю рэжысёра. У шырокі пракат "Горад астэроідаў" выходзіць 16 чэрвеня.

Трейлер "Города астероидов"

"Элементаль"

Яшчэ адна анімацыя, на гэты раз ад студыі Pixar. Гісторыя разгортваецца ў горадзе, дзе жывуць прадстаўнікі стыхій — элементалі. І вось, дзяўчына-агонь і хлопец-вада раптам даведваюцца, наколькі ў іх на самай справе многа агульнага.

Як і ў іншых працах Pixar, у "Элементалі" шмат сэнсаў, і цікава паглядзець мультфільм будзе не толькі дзецям. Дарослыя таксама змогуць знайсці нешта для сябе, ну і, што важна, нагадаць сабе аб важных каштоўнасцях сяброўства, узаемападтрымкі, прыняцця і любові. Што атрымалася ў стваральнікаў карціны і ці зможа яна хоць бы ненадоўга вярнуць вам веру ў найлепшае — праверыць можна будзе з 16 чэрвеня.

"Опенгеймер"

Рэжысёр Крыстафер Нолан ("Інтэрстэлар", "Цёмны рыцар") любіць глабальныя праекты. Гэтым разам ён узяўся за біяграфію пра стваральніка ядзернай бомбы Роберта Опенгеймера. Ролю фізіка выконвае вядомы па "Вострых брыльках" Кіліян Мэрфі.

Ужо трэйлераў даволі, каб зразумець, што як мінімум на ўзроўні візуальнага складніка Нолан застаецца на вышыні. Ды і аператар над "Опенгеймерам" працаваў той жа, што і над "Довадам", "Дзюнкеркам" і "Інтэрстэларам". Галоўнае — каб не падкачала драматургічная частка: усё ж карціна доўжыцца тры гадзіны. Як Нолан справіўся з усімі задачамі, даведаемся ўжо 21 ліпеня.

Трейлер фильма "Оппенгеймер"

"Барбі"

Зрабіць фільм пра папулярную ляльку-бландынку спрабавалі даўно, але атрымалася далёка не з першага разу. Сюжэт карціны, якую даверылі Грэце Гервіг ("Лэдзі Бёрд", "Маленькія жанчыны"), трымаецца ў сакрэце. Вядома толькі, што галоўную гераіню (саму Барбі) выганяюць з роднага горада за тое, што яна недастаткова ідэальная. А вось што і як будзе потым — сакрэт.

Улічваючы, што Грэта Гервіг пачынала з аўтарскага кіно, наўрад ці гледачоў чакае банальная гісторыя "Папялушкі", але пра Барбі. Так што чакаем мы ад гэтай стужкі шмат чаго — тым больш, што галоўную ролю выконвае выдатная Марго Робі. У пракаце — з 21 ліпеня.

Што яшчэ выходзіць летам: "Флэш" (16 чэрвеня), "Індыяна Джонс і цыферблат лёсу" (30 чэрвеня), "Місія невыканальная. Расплата за смерць, Частка 1" (12 ліпеня), "Чырвоны, белы і каралеўскі сіні" (11 жніўня), "Сіні жук" (18 жніўня).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі