Ад пачатку года па вяртанні ў Беларусь былі затрыманыя каля 60 чалавек

Мяжа, ілюстрацыйнае фота

Мяжа, ілюстрацыйнае фота / delfi.lt

Ад пачатку 2024 года па вяртанні ў Беларусь былі затрыманыя больш за 55 чалавек, заяўляюць праваабаронцы "Вясны".

На 17 з іх пачалі крымінальныя справы. Палова затрыманых была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці. Праваабаронцы кажуць, што гэтыя лічбы могуць быць большыя, бо поўных звестак няма.

Пад асаблівы дагляд на мяжы трапляюць як беларусы, так і грамадзяне іншых краін, — пераважна —  украінцы. Падставай для допыту ці затрымання могуць стаць падпіскі на незалежныя СМІ, схаваныя фота з пратэстаў у тэлефоне ці сацсетках, нацыянальная сімволіка і нават штампы ў пашпарце аб наведванні Украіны. Таксама могуць затрымаць чалавека, калі ён трапіў у базу "БЕСпорядки", куды ўносяцца звесткі ўсіх затрыманых пасля пачатку пратэстаў у 2020 годзе.

Людзей дапытваюць, іх тэлефоны правяраюць, на некаторых проста ў аўтобусе надзяваюць кайданкі, а па іншых прыходзяць праз некалькі дзён.

Праваабаронцы адзначаюць, што праверкі грамадзян Украіны адбываюцца асабліва дбайна. Па словах відавочцаў, такая праверка можа займаць больш за шэсць гадзін, калі грамадзян Украіны ў аўтобусе некалькі. Тых, хто кажа, што едзе ў Расію, часам прымушаюць на мяжы набыць квіток на самалёт з Мінску.

Паводле праваабаронцаў, праверкі адбываюцца не толькі на мяжы з Еўрасаюзам, але і на мяжы з Расіяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі