З пачатку сакавіка ў Беларусі затрымалі больш за 100 чалавек
Праваабарончы сайт "Вясна" абнародаваў спіс асобаў, затрыманых за акцыі грамадзянскага і сацыяльнага пратэсту з пачатку сакавіка. Па стане на 14 сакавіка ў спіс увайшло ўжо больш за 100 чалавек.
Поўны спіс можна пабачыць па спасылцы.
Праваабаронцы адзначаюць, што затрыманні адбываюцца за акцыі ў абарону Курапатаў і пратэсты супраць дэкрэту №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства".
Большую частку затрымалі не ў Мінску, а ў рэгіёнах — Брэст, Гомель, Баранавічы, Орша, Бабруйск і інш. Як зазначыў у эфіры Еўрарадыё Валянцін Стэфановіч, гэты перанос актыўнасці ў рэгіёны склаў пэўныя праблемы для праваабаронцаў. Таксама ён адзначыў, што ў спісе пацярпелых стала больш незнаёмых прозвішчаў: гэта людзі, якія раней не прымалі актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці.