Чым лекуюцца ад прастуды дактары і аптэкары?

Чыноўнікі Мінздароўя піяраць беларускія лекі. Попыт у аптэках на іх мусіць вырасці да 50%.

Накіроўваемся ў аптэку у самым цэнтры Мінска, але спытаць як лечыць прастуду тамтэйшы фармацэўт не атрымоўваецца, заходзіць пенсіянерка і перапыняе:

“А ў вас няма прэпарату для прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў з Даніі? — пытаецца Ніна Аляксандраўна. — Беларускі аналаг? Не, у мяне ад яго пякотка… Пайду ў міністэрства званіць, нідзе не магу знайсці тое, што трэба!”

Калі кліентка сыходзіць, аптэкарка раіць узяць ад прастуды ды грыпу іспанскі распушчальны парашок, які прымае сама. Але пасля прыгадвае беларускі аналаг.

“Вось, ёсць беларускі. Можна і яго ўзяць. Гэта калі толькі пачынаецца прастуда. Сюды ўваходзяць і супрацьзапаленчыя прэпараты. Па кошце не моцна адрозніваюцца нашы і нянашы прэпараты. Нашы таннейшыя на некалькі тысяч”.

Дзесяць пакецікаў нашага прэпарату каштуюць каля 70 тысяч, замежны аналаг — на 12 тысяч даражэй.

У іншай аптэцы ў цэнтры фармацэўт п’е ад прастуды расійскую імбірную гарбату. А парашкі не раіць: б’юць па пячонцы. А ў трэцяй па ліку адразу прапануюць замежныя таблеткі. Такія ж аптэкарка ўжывае сама. Пра беларускія лекі ўзгадвае ў другую чаргу.

“Калі зусім дрэнна, прымаю прэпараты, калі не так дрэнна, зусім не п’ю лекаў, — прыгадвае апошнюю прастуду хірург Аляксей, — Я лячуся замежнымі парашкамі. Больш пераплачваеш, так, але на здароўі эканоміць не варта. Хаця, гэта справа кожнага”.

Прафесар кафедры клінічнай фармакалогіі Медыцынскага ўніверсітэта Міхаіл Кеўра, якога застаем акурат на кафедры, лечыцца беларускімі парашкамі, але якімі — не ўдакладняе:

Міхаіл Кеўра: П’ю жарапаніжальныя, калі насмарк то, каб сасуды звужаліся.

Еўрарадыё: А якія канкрэтна прэпараты?

Міхаіл Кеўра: А чаго іх пералічваць… Беларускія ў асноўным.

Лекар Анастасія цяпер у дэкрэце, таму таблеткі ды парашкі не п’е. Глядзім разам з ёй, якія лекі мае дома.

“Вось у мяне стаіць сіроп кораня салодкі беларускай вытворчасці. Вось ёсць вітаміны, таксама беларускія”.

А яе калега, кардыёлаг Алена карыстаецца замежнымі, хоць тыя і каштуюць даражэй.

Фота: firestock.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі