Ад VAL да Amaroka: беларуская музыка, якая выйшла ў апошнія два тыдні студзеня
VAL / з архіва гурта
Студзень стаў ля беларускіх музыкаў плённым. Музыкі парадавалі прыхільнікаў выхадам мілых песень і смелых баевікоў. Еўрарадыё выбрала некалькі з іх, каб вы ацанілі.
Каманда SnopSnoŭ прадставіла новы міні-альбом "Акустыка". Музыкі падкрэсліваюць, што гэта эксперыментальны рэліз у новым складзе і ў незвычайным для гурта кірунку. Удзельнікі паспрабавалі выкінуць усё непатрэбнае і дабрацца да сутнасці сваіх песень.
Intelligency падкормліваюць прыхільнікаў сінгламі з будучага поўнафарматніка "Technoblues Therapy". Вось і нядаўна выпусцілі трэк "Deuce".
Першая частка лонгплея павінна быць прэзентавана 3 лютага.
Выканаўца Murovei апублікаваў трэк "In the ghetto" пра восеньскі Мінск — сумны і нудны, у якім мала сонца і шмат адзіноты. Выйшла прыгожа.
Дуэт VAL парадаваў цудоўнай калыханкай на верш Кастуся Севярынца. Пасля прэм'еры музыкі гурта — Валерыя Грыбусава і Улад Фрайман, прызналіся, што чакаюць нараджэння двайнят.
Спявачка Міртл выпусціла альбом "Золата". У сваёй творчасці Маргарыта Крупта злучае неасоул, r&b, індзі-рок і хаўс. На апошняй прэміі незалежнай музыкі Jager Music Awards 2021 Міртл выйграла ў намінацыі Young Blood.
Гурт Amaroka выдаў порцыю беларускага року з аптымістычным пасылам пра прамень у цемры і прапановай "ляцець і на свет зверху глядзець". На песню "Прамень" намаляваны кліп з людзьмі ў белым і чырвоным.
Актывізаваўся і гурт :B:N:. Музыкі выпусцілі баявік "Выдыхай". Аб тым, што трэба трымацца і аднойчы здарыцца навальніца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.