“Адкуль такія кошты?” Гамяльчанкі і ЖКГ пасварыліся з-за афарбоўкі фасада дома

Еўрарадыё 
Еўрарадыё 

Гамяльчанкі Аліна і Вольга [імёны змененыя па просьбе жанчын — рэд.] амаль год ваююць з мясцовай ЖКГ. Да візіту Аляксандра Лукашэнкі камунальныя службы пафарбавалі фасад будынка, у якім яны валодаюць нежылымі памяшканнямі, і выставілі жанчынам рахункі. 

Аліне трэба было заплаціць каля 400 долараў. Яна падлічыла, што сваю працу жылкамгас ацаніла ў $7 за афарбоўку аднаго квадратнага метра. Прытым што ў інтэрнэце хапае прыватнікаў, гатовых выканаць аналагічныя працы ў пяць разоў танней!

“У інтэрнэце гэта расцэнкі за афарбоўку фасада ў адзін пласт з ачысткай — як я ўяўляю, гэта пескаструменем збіваюць старую фарбу і толькі потым наносяць новую. А ў нас нічога такога не было: проста паверсе замазалі па гразі, па пылу. Прычым пішуць, што выкарыстоўваліся рыштаванні, але і іх не было! Яны прыганялі машыну з пад'ёмнікам і на ёй працавалі. За паўдня пафарбавалі ўвесь дом”, — распавядае Аліна.

 

Адкуль камунальнікі ўзялі такія расцэнкі?

Дом, у якім Аліна валодае памяшканнем, размешчаны па суседстве з дзіцячай бальніцай. У ліпені мінулага года адкрываць яе прыязджаў Аляксандр Лукашэнка. Перад гэтым камунальнікі і задумалі рамонт.

Па законе саўладальнікі павінны аплачваць тэхнічнае абслугоўванне і бягучы рамонт, якія выконваюць службы ЖКГ, у адпаведнасці са сваёй доляй. Аднак плаціць за афарбоўку па завоблачных тарыфах жанчына наадрэз адмовілася:

“Адкуль такія цэны? Няхай ім усё роўна на прыватнікаў — мы гасім сваю долю, на нашы грошы ўсім напляваць. Але астатняе ж бярэцца з бюджэту! Няўжо ніхто не бачыць, што яны робяць за 7 долараў тое, што можна было ў прыватных фірм зрабіць за паўтара! Як такое магчыма?!”

Прапановы па афарбоўцы фасадаў у прыватных арганізацый пачынаюцца ад 1,5 рубля за квадратны метр. Гэта нескладана праверыць — такіх прапаноў хапае:

“Откуда такие цены?” Гомельчанки и ЖКХ разругались из-за покраски фасада дома

“Цана ў выніку атрымліваецца проста вар'яцкая”

Аліна разам з іншай уласніцай памяшкання ў пафарбаванымі доме паспрабавала даведацца, як фарміруецца кошт паслуг. Так у руках жанчын апынуўся акт здачы-прыёмкі:

“Откуда такие цены?” Гомельчанки и ЖКХ разругались из-за покраски фасада дома
Акт здачы-прыёмкі выкананых работ з каментарыямі Аліны

На гэтым разборкі не скончыліся. Жанчыны працягнулі рабіць запыты. А ў адказ ім пачалі прыходзіць даведкі аб выдатках па будаўнічых работах у сістэме ЖКГ. Маўляў, вось, паглядзіце, на што ідуць вашы грошы:

“Откуда такие цены?” Гомельчанки и ЖКХ разругались из-за покраски фасада дома

“Я не скажу, што моцная ў бухгалтарскай справе. Як просты карыстальнік паслуг я разумею так: калі я да вас звяртаюся, то вы мне тлумачыце, што і за колькі вы мне пафарбуеце. А тут мне адказваюць, якія працэнты ад сумы атрымаў дырэктар, якія бухгалтар. А цана ў выніку атрымліваецца проста вар'яцкая”, — абураецца Аліна.

Чыноўнікі любяць паўтараць, што беларусы аплачваюць камуналку не на 100%, а тарыфам трэба падрасці. Але як фарміруецца такі сабекошт паслуг ЖКГ?

 

У гарвыканкаме ўсё яшчэ чакаюць $400

Версію жанчыны пра тое, што дом рамантавалі спецыяльна перад прыездам кіраўніка дзяржавы, у Гомельскім гарвыканкаме абвяргаюць. Маўляў, рамонт праходзіў па плане.

“Работы па бягучым рамонце фасада жылога дома № 25 па вуліцы Кірава выконваліся для паляпшэнняў эстэтычных якасцей, ліквідацыі дробных пашкоджанняў і папярэджання зносу не часцей, чым прадугледжана заканадаўствам”, — гаворыцца ў адказе за подпісам першага намесніка Гомельскага гарвыканкама Аляксандра Сівакова.

Там жа ўдакладняецца, што да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты начальнік вытворчага аддзела КЖРЭУП "Цэнтральнае" Максім Сяўніцкі — за тое, што на сайце прадпрыемства не быў загадзя размешчаны гадавы план з указаннем правядзення дадзенага рамонту.

У гарвыканкаме не бачаць прычын вызваліць Аліну і іншых саўладальнікаў будынка ад аплаты рамонтных работ і ўсё яшчэ чакаюць ад яе плацёж у памеры $400.  

“У сувязі з тым, што аказанне паслугі па бягучым рамонце з'яўляецца абавязковым, адмова аднаго або некалькіх уласнікаў ад правядзення бягучага рамонту не можа быць падставай для вызвалення эксплуатацыйнай арганізацыі ад выканання абавязку, ускладзенай на яе нормамі дзеючага заканадаўства”, — адказваюць у гарвыканкаме.

Аліна аплачваць афарбоўку фасада прынцыпова не збіраецца: "Калі пытанне з аплатай не будзе вырашана, мы будзем вымушаныя звярнуцца ў СМІ і асабіста да Аляксандра Лукашэнкі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі