Адкупіцца ад размеркавання ў каледжы на 6 мільёнаў танней, чым у ВНУ
Пяць гадоў навучання ў БНТУ каштуюць 100-120 мільёнаў, а тры гады ў ССНУ — каля 40-44 мільёнаў!
Аляксей Жароў скончыў прафесіянальна-тэхнічны каледж, але не адпрацоўвае размеркаванне і яго звальняюць. Цяпер малады спецыяліст павінен выплаціць каледжу каля 18 мільёнаў рублёў! І гэта не за вышэйшую адукацыю, а толькі сярэднеспецыяльную!
Сітуацыю Еўрарадыё тлумачаць у Мінскім дзяржаўным прафесіянальна-тэхнічным каледжы дэкаратыўна-прыкладных мастацтваў:
“Гэта нават і не вялікая сума! Звычайна даходзіць і да 40 мільёнаў. Вось, у мінулым годзе выпускнікі выплачвалі каля 44 мільёнаў за тры гады навучання”, — кажа галоўны бухгалтар ўстановы Наталля Цімашкова. Па словах бухгалтаркі, такія выдаткі рэгулююцца пастановай Саўміна № 821. Сюды ўключаюцца нават страхавыя ўзносы, заробкі выкладчыкам, камандзіроўкі, карыстанне бібліятэкай і камунальныя плацяжы — усе выдаткі на аднаго студэнта.
Не здзіўляюцца такім сумам і ў іншых установах сярэднеспецыяльнай адукацыі — у Мінскім каледжы машынабудаўніцтва кажуць, што апошнім разам выпускнік ў падобнай сітуацыі тут выплачваў 35 мільёнаў рублёў.
“Вучыцца платна будзе танней!”, — заўважаюць у аддзеле кадраў.
Бухгалтарка Мінскага дзяржаўнага прафесіянальна-тэхнічнага каледжа дэкаратыўна-прыкладных мастацтваў Наталля Цімашкова заўважае, што часцей за ўсё справы накіроўваюцца ў суд. Справу аддаюць у суд нават ў выпадку, калі былы студэнт сам хоча добраахвотна адкупіцца ад размеркавання, бо не можа нават за паўгода знайсці ўсю суму!
“Але для іх суд — дабро, бо суд прымае рашэнне ўтрымліваць з заробку, скажам, 20%”.
Па яе словах, толькі адноўчы студэнт выйграў такі суд, але часцей за ўсё суд на баку навучальнай установы.
“ Гэта вельмі хутка ўсё праходзіць, бо грошы бюджэтныя”.
Для параўнання, выпускніку БНТУ за “адкос” ад размеркавання давядзецца заплаціць каля 100-120 мільёнаў рублёў.
“Выдаткі адны і тыя ж у нас і ў ССНУ: ну, хіба што, заробкі розныя трохі ды стыпендыі студэнтаў. Атрымліваецца, год у ІНУ — 24 мільёны каштуе прыкладна, а ССНУ — каля 18-ці мільёнаў. Шэсць мільёнаў розніца”.