“Адмяніце і не чапайце нас”. Чаго хочуць прадпрымальнікі

“Адмяніце і не чапайце нас”. Чаго хочуць прадпрымальнікі

Чарговы форум прадпрымальнікаў прысвечаны новым умовам і правілам працы гандляроў, якія дзейнічаюць з 1 студзеня. Згодна з імі, іпэшнікі павінныя мець сертыфікаты якасці на ўсе тавары, аб гэтым гаворыцца ва Указе кіраўніка краіны №222.

Мерапрыемства праходзіць у канферэнц-зале гатэля "Беларусь". Па словах арганізатараў, на форум прыехала каля 1500 чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі, усе ахвочыя не змаглі змясціцца ў зале. Сярод патрабаванняў і прапановаў арганізатараў форума — увесці 6-месячны мараторый на дзеянне Указа №222, а таксама дапусціць іпэшнікаў да абмеркавання новага дакумента. Праціснуцца ў залу амаль нерэальна. Яна запоўненая да краёў яшчэ за 15 хвілін да пачатку мерапрыемства. Людзі прыехалі нават з невялікіх гарадоў — ёсць і Асіповічы, і Чэрвень, і яшчэ шмат чаго.

Прадстаўнік “Перспектывы” Анатоль Шумчанка прамаўляе са сцэны. Спачатку паказвае сюжэты розных СМІ пра пустыя рынкі, потым робіць невялікую прэзентацыю пра патрабаванні іпэшнікаў. Зала Шумчанку горача падтрымлівае, пляскае ў ладкі. Ён робіцца ўсё больш рашучым у выказваннях:

“Складаецца ўражанне, што ўрад хоча застрэліць двух зайцоў адначасова — аздаравіцца з буйным бізнесам і пад лозунгам роўных умоваў расчысціць для яго дарогу за кошт індывідуальных прадпрымальнікаў. Ну як нам па-іншаму думаць? Падчас гэтай інфармацыйнай вайны супраць нас (маўляў, усё нармальна, а людзі не працуюць, бо ў адпачынках і холадна) адзін высокапастаўлены чыноўнік сказаў, што, можа быць, прадпрымальнікі не сваёй справай займаюцца? Можа, ім трэба нечым другім заняцца. А мне хочацца сказаць, што, можа, яны не сваёй справай займаюцца на нашы падаткі?” — перакананы прадпрымальніцкі лідар.

“Адмяніце і не чапайце нас”. Чаго хочуць прадпрымальнікі

Як склаўся лёс прадпрымальнікаў, з якімі сустракаўся Лукашэнка

Тамара Багачова ў 2016 годзе плануе аднаўляць свой бізнес. Яна спадзяецца на лепшае і чакае, што “ў хуткім часе на аптовае пагадненне пойдзе Гродна, тады можна будзе набываць ужо сертыфікаваны тавар там”, ці “можа, Масква пачне даваць сертыфікаты”… Калі не, то прадпрымальніца перакананая, што маладзечанскі бізнес загіне канчаткова, як і ўвесь малы бізнес перыферыі.

Аднак Шумчанка тут жа спахопліваецца. У зале з тысячай гарачых іпэшнікаў Анатоль Шумчанка разоў дзесяць паўтарае, што прадпрымальнікам патрэбны “дыялог з уладамі”:

“Кожны гаворыць, што мы не можам адмяніць. Мы гаворым, што яго трэба адмяніць. Праўда недзе побач. А каб яе знайсці, трэба весці перамовы. Трэба накласці мараторый на канфіскацыі і праверкі ў межах дзеяння тэхрэгламенту, каб нармальна працаваць”, — расказвае Шумчанка пра Указ 222.

І ў выніку фармулюе адну з нешматлікіх канкрэтных прапановаў, што гучаць на форум, — мараторый на Указ 222 тэрмінам 6 месяцаў і стварэнне сумеснай з іпэшнікамі камісіі па яго перапрацоўцы. Зала ізноў вітае ідэю авацыямі. А Шумчанка са сцэны расказвае пра магчымасць назбіраць 50 тысяч подпісаў для ініцыяцыі ўласнага новага законапраекта.

 

“Адмяніце і не чапайце нас”. Чаго хочуць прадпрымальнікі

Рынкі Беларусі не працуюць, фотафакт

Значная частка прадпрымальнікаў 2 студзеня прыпыніла працу на рэчавых рынках і ў гандлёвых цэнтрах. Фотарэпартаж з найбольш папулярных месцаў шопінгу ў Мінску апублікаваў Onliner.by. На фотаздымках бачна, што многія павільёны зачыненыя, на некаторых вісяць абвесткі пра часовы адпачынак і закрыццё.

Нягледзячы на шматлюднасць форума, прадстаўнікоў улады там амаль няма. Адзін з адважных — намеснік кіраўніка Упраўлення гандлю і паслуг Мінгандлю Андрэй Мяшкоў. Яго ў выніку запрашаюць на трыбуну, Шумчанка прыструньвае гарачыя галовы ў зале, Мяшкоў не вельмі ўпэўнена расказвае пра частковую згоду з прадпрымальнікамі. Але толькі не ў самым важным пытанні:

“Адназначна падтрымліваем вашы патрабаванні па накладных, я аб гэтым гаварыў. Мы падтрымліваем вашы прэтэнзіі па ўстаноўцы касавых тэрміналаў. І тое, што было сказана наконт сертыфікацыі… Адназначна роля нашых партнёраў у межах ЕўрАзЭС, сёння мы гаворым, што Расіі, тут вельмі моцная”, — гаворыць чыноўнік.

І яшчэ абяцае, што да канца тыдня ва ўрадзе разгледзяць складаную сітуацыю з іпэшнікамі і пустымі рынкамі.

А ў фае гатэля, сярод прадпрымальнікаў, якія не трапілі ў залу форума, ужо вядзе агітацыю Таццяна Караткевіч. Заклікае быць салідарнымі і ўзяць удзел у будучых парламенцкіх выбарах. У свіце Караткевіч яшчэ адзін прадпрымальніцкі лідар — Алесь Макаеў. Ён нашмат больш радыкальны і за Караткевіч, і за Шумчанку — актыўна заклікае прадпрымальнікаў ісці “на плошчу” альбо хаця б на хуткі "марш пустых каструляў". Арганізатары хутка нейтралізуюць, як выказваюцца некаторыя з іх, “правакатараў”. Пратэставаць далей, чым зала з мяккімі крэсламі, яны пакуль не гатовыя.

 

Фота nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі